Беларусь скараціла ў 2020 годзе экспарт нафтапрадуктаў амаль на 20%



У 2020 годзе экспарт беларускіх нафтапрадуктаў знізіўся на 19,4% у параўнанні з папярэднім годам, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.

У фізічным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў склаў амаль 8,5 млн тон (супраць 10,5 млн тон у 2019 годзе). У грашовым выражэнні экспарт нафтапрадуктаў склаўся на ўзроўні 2,75 млрд даляраў і паменшыўся амаль удвая (у 2019 годзе — 5,2 млрд даляраў).

Таксама летась адбылося істотнае скарачэнне экспарту беларускай нафты. Калі ў 2019 годзе Беларусь накіравала на знешнія рынкі 1,65 млн тон сваёй нафты, то ў 2020-м — каля 1,2 млн тон, гэта значыць прыкладна на чвэрць менш.

Значнае скарачэнне экспартных паставак беларускіх нафтапрадуктаў і нафты летась было абумоўлена канфліктам Беларусі і Расеі.

З-за адсутнасці дамоўленасцяў аб умовах закупкі нафты Расея ў першым квартале 2020 года ўтрая знізіла пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. Недахоп расійскай нафты для НПЗ беларускія ўлады спрабавалі кампенсаваць набыццём яе ў іншых краінах, а таксама перапрацоўкай нафты, якая здабываецца на тэрыторыі Беларусі і якая традыцыйна па эканамічных прычынах экспартавалася.

Па выніках 2020 года Беларусь скараціла імпарт нафты да 16 млн тон (з 18 млн тон у 2019 годзе). Беларускі ўрад плануе, што ў 2021 годзе аб’ём імпарту расейскай нафты будзе адноўлены на ўзроўні 2019 года.

Пры гэтым цяпер афіцыйны Менск абмяркоўвае з урадам Расеі магчымасці экспарту беларускіх нафтапрадуктаў праз расійскія парты.

Раней Аляксандр Лукашэнка даручыў з-за пагаршэння палітычных адносін з краінамі Балтыі знайсці іншыя маршруты для паставак беларускіх нафтапрадуктаў на знешнія рынкі. „Вядома, нам трошкі будзе нявыгадна. Але мы ж дамовіцца можам з расіянамі па тарыфах, і яны ад аб’ёмаў перавалкі нашых мільёнаў тон грузаў усё роўна атрымаюць выгаду”, — падкрэсліваў Лукашэнка ў верасні мінулага года.

У лютым гэтага года кампанія Klaipedos nafta паведаміла, што грузы з беларускай нафтай не выстаўленыя на экспарт праз літоўскія нафтавыя тэрміналы.

belapan.by