Беларусь стала чальцом Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый
Беларусь 17 студзеня 2019 года стала сямідзясятым чальцом Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый, выканаўшы ўсе ўмовы рэзалюцыі Савета кіраўнікоў АБІІ, паведамляе Міністэрства фінансаў.
Выкананню ўмоў рэзалюцыі папярэднічала прыняцце ў Беларусі закона ад 8 лістапада 2018 года „Аб ратыфікацыі артыкулаў пагаднення Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый”, а таксама ажыццяўленне першага плацяжу за акцыі банка ў снежні 2018 года.
Рашэннем урада ад 28 снежня 2018 года № 967 кіраўніком ад Беларусі ў АБІІ прызначаны міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, намеснікам кіраўніка — міністр фінансаў Максім Ермаловіч. Афіцыйным органам сувязі па пытаннях узаемадзеяння з банкам вызначана Міністэрства фінансаў.
„Уступленне Рэспублікі Беларусь у АБІІ адкрывае новыя магчымасці інфраструктурнага фінансавання. Рэсурсы банка могуць быць накіраваны на мэты развіцця ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях”, удзельнікам якой з’яўляецца Беларусь, і выкарыстоўвацца для стварэння і мадэрнізацыі дзейных транспартных калідораў, энергетычнай і гарадской інфраструктуры, вытворча-лагістычнага кірунку”, — падкрэсліваюць у Мінфіне.
Яшчэ адным кірункам прымянення фінансавых магчымасцяў АБІІ можа стаць сафінансаванне праектаў у партнёрстве з іншымі міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, адзначылі ў ведамстве.
Уступленне Беларусі ў Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый будзе каштаваць каля 12 млн долараў, паведаміў 2 верасня журналістам Максім Ермаловіч. Беларусь падпісана на 641 акцыю АБІІ. Паводле слоў Ермаловіча, гэта менш за 1%. Непасрэдна грашовы ўнёсак Беларусі складзе каля 20% ад сумы акцый — крыху больш за 12 млн долараў. Пералічваць грошы Беларусь будзе роўнымі штогадовымі траншамі на працягу пяці гадоў.
„Уся астатняя частка — гэта гарантыя забеспячэння капіталу банка ў выпадку неабходнасці. Пасля атрымання квоты на аб’ём удзелу мы зможам скарыстацца фінансаваннем гэтага банка. Часцей за ўсё выпрацоўваецца стратэгія. Як гэта адбываецца ў нашай працы сёння з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця”, — сказаў міністр фінансаў.
Паводле звестак БелаПАН, цікавасць беларускага боку абумоўлена тым, што Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый з’яўляецца аналагам Сусветнага банка для краін Азіяцкага рэгіёну, але інтарэсы гэтага банка выходзяць за межы геаграфічнай Азіі і будуць распаўсюджвацца ў тым ліку на Еўропу, на краіны, якія маюць уплыў на азіяцкі гандаль і інфраструктурныя азіяцкія праекты.
Азіяцкі банк інфраструктурных інвестыцый (Asian Infrastructure Investment Bank, AIIB) створаны ў 2015 годзе па ініцыятыве Кітая для фінансавання інфраструктурных праектаў у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Статутны капітал арганізацыі складае 100 млрд долараў. Найбуйнейшыя долі галасоў у савеце дырэктараў банка атрымалі Кітай, Індыя і Расея. Пры гэтым на найважнейшыя рашэнні КНР мае фактычнае права вета.
belapan.by