Беларусь сёлета амаль на 60% павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі
Беларусь у студзені-травені 2018 года павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі амаль на 60%, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.
За пяць месяцаў Беларусь імпартавала 1,89 млн тон нафтапрадуктаў на 721,4 млн даляраў, практычна ўвесь аб’ём (1,82 млн тон) нафтапрадуктаў увезены з Расеі. У параўнанні са студзенем-траўнем 2017 года імпарт нафтапрадуктаў з Расеі ў фізічным выражэнні вырас амаль на 60%.
Між тым Расея плануе абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь з чацвёртага квартала 2018 года. Для беларускіх кампаній-імпарцёраў будзе ўсталяваны ліміт на ўвоз расейскіх нафтапрадуктаў. Паводле звестак БелаПАН, да гэтага часу ўжо падрыхтаваны праект адпаведнага дзяржаўнага рашэння.
Беларускія ўлады павінны ўзгадніць з Расеяй аб’ём нафтапрадуктаў, які неабходны рэспубліцы для задавальнення ўнутраных патрэбаў. З гэтай мэтай беларускія кампаніі ўжо павінны былі падаць у дзяржорганы звесткі аб аб’ёмах нафтапрадуктаў, якія ім неабходныя для задавальнення сваіх патрэбаў.
Агенцтва Reuters 10 жніўня таксама паведаміла, што Расея мае намер абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь. згодна са звесткамі агенцтва, расейскі бок матывуе сваё рашэнне тым, што беларускія кампаніі займаюцца рээкспартам гэтай прадукцыі і гэтым наносяць шкоду расейскаму бюджэту.
Расея, як удакладняе агенцтва, чакае ад Беларусі кампенсацыі за раней пастаўленыя і рээкспартаваныя нафтапрадукты, таму не выдзяляе Менску траншы крэдыту са сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця.
Беларускія ўлады вясной 2016 года падпісалі крэдытную праграму аб атрыманні з ЕФСР крэдыту на 2 млрд долараў, які даецца ў 2016-2018 гадах сямю траншамі. На гэты час Беларусь атрымала пяць траншаў на 1,6 млрд долараў. Для атрымання ўсіх траншаў беларускія ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер, якія тычацца макраэканамічнай палітыкі.
Міністэрства фінансаў Беларусі меркавала, што апошнія (шосты і сёмы) траншы крэдыту ЕФСР удасца атрымаць у першым квартале 2018 года, аднак гэтага не адбылося.
Паводле інфармацыі БелаПАН, персанал ЕФСР яшчэ вясной падрыхтаваў дакументы для выдзялення Беларусі шостага траншу крэдыту, аднак пералічэнне сродкаў увесь час адкладваецца. Дата правядзення пасяджэння савета ЕФСР, на якім можа быць разгледжанае пытанне аб выдзяленні Беларусі шостага траншу крэдыту, да цяперашняга часу не вызначаная.
belapan.by