Беларусь у 2018 годзе будзе закупляць не толькі расейскую нафту
Сёлета Беларусь мае намер закупляць не толькі расейскую нафту, але і нафту з альтэрнатыўных крыніц. Паводле інфармацыі БелаПАН, такія планы падтрымлівае ўрад.
У 2018 годзе плануецца закупіць аб’ём альтэрнатыўнай нафты не меншы, чым летась.
Паводле слоў прадстаўніка нафтаперапрацоўчай галіны, „усё ў гэтым пытанні залежыць ад цаны, якую прапануюць пастаўшчыкі альтэрнатыўнай нафты, а таксама ад кошту паслуг партоў і ад лагістычных выдаткаў”.
Пры гэтым ён удакладніў, што леташні вопыт сведчыць пра тэхналагічную магчымасць беларускіх НПЗ перапрацоўваць не толькі расейскую нафту.
„Вынікі перапрацоўкі нафты з альтэрнатыўных крыніц у 2017 годзе паказалі, што займацца гэтым можна. З перапрацоўкай такой нафты летась не ўзнікла ніякіх пытанняў. Улічваючы, што закупляць такую нафту даводзілася па сусветнай цане, давялося шукаць рэзервы для яе набыцця”, — растлумачыў суразмоўца.
Паводле афіцыйных статыстычных звестак, Беларусь у 2017 годзе імпартавала 18,13 млн тон нафты, у тым ліку 18,07 млн тон расейскай нафты і 64,4 тыс. тон альтэрнатыўнай (не расійскай) нафты. Схемы дыверсіфікацыі паставак нафты беларускія ўлады адпрацоўваюць з мэтай зніжэння сыравіннай (энергетычнай) залежнасці ад адной крыніцы.
Фота belnovosti.by