Беларусь у рэйтынгу Doing Business Сусветнага банка апусцілася на 49-е месца
Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў штогадовым даследаванні Сусветнага банка „Вядзенне бізнесу — 2020”.
Рэйтынг складзены на аснове сярэдніх паказчыкаў кожнай краіны па 10 сферах рэгулявання бізнесу, уключаных у сукупную ацэнку за бягучы год. У даследаванні прааналізаваная сітуацыя ў 190 краінах свету.
У даследаванні Doing Business — 2020 Беларусь заняла 49-е месца паводле ўмоў вядзення бізнесу, у леташнім аналагічным рэйтынгу — 37-е. Да пагаршэння рэйтынгу Беларусі прывяло змяненне сітуацыі з абаронай правоў мінарытарных акцыянераў.
Аўтары даследавання адзначаюць, што ў Беларусі для кампаній павялічаныя тэрміны апавяшчэння аб здзелках з афіляванымі асобамі, і гэта, на думку экспертаў, пагаршае інфармаванасць мінарытарных акцыянераў аб сітуацыі ў акцыянерных таварыствах.
Пры гэтым краіны ЕАЭС і суседзі Беларусі размясціліся ў рэйтынгу вышэй. Так, Казахстан у даследаванні заняў 25-е месца, Расея — 28-е, Арменія — 47-е, Літва — 11-е, Эстонія — 18-е, Латвія — 19-е, Польшча — 40-е.
Беларускія ўлады даўно плануюць увайсці ў трыццатку вядучых краін свету па ўмовах вядзення бізнесу. У 2016 годзе тагачасны дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц заяўляў, што Беларусь мае намер да 2020 года вырашыць гэтую задачу.
У сваю чаргу, аўтары даследавання Сусветнага банка неаднаразова рэкамендавалі ўладам Беларусі правесці рэформы, накіраваныя на зніжэнне падатковай нагрузкі на бізнес з мэтай паляпшэння рэйтынгу краіны. Па гэтым паказчыку Беларусь у даследаванні Doing Business — 2020 заняла 99-е месца (год таму — такое ж).
Раней спецыялісты Сусветнага банка канстатавалі, што агульная стаўка падаткаў і збораў у адносінах да прыбытку арганізацыі ў Беларусі складае 52,9%, у Еўропе і Цэнтральнай Азіі гэты паказчык складае 33,1%, у краінах АЭСР з высокім узроўнем даходаў — 40,1%.
Такім чынам, на думку экспертаў Сусветнага банка, падатковая нагрузка ў Беларусі істотна вышэйшая, чым у іншых краінах.
belapan.by