Беларусь у студзені-ліпені скараціла экспарт тавараў на 2,3%



У студзені-ліпені 2019 года знешнегандлёвы абарот тавараў Беларусі склаў 40 млрд 588 млн даляраў ЗША, у тым ліку экспарт — 18 млрд 736,5 млн, імпарт — 21 млрд 851,5 млн. Паводле звестак Белстата, да ўзроўню студзеня-ліпеня 2018 года з разліку ў наяўных цэнах абарот знешняга гандлю таварамі склаў 98%, экспарт — 96,5%, імпарт — 99,2%.

Паводле вынікаў студзеня-ліпеня 2019 года ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года экспарт тавараў у натуральным выражэнні зменшыўся на 2,3%, імпарт — павялічыўся на 0,9%. Сярэднія цэны экспарту скараціліся на 1,2%, імпарту — на 1,7%.

Аляксандр Лукашэнка ўсклаў на прэм’ер-міністра Сяргея Румаса персанальную адказнасць „за забеспячэнне эканамічнага росту краіны пераважна за кошт знешняга попыту”. Адпаведнае распараджэнне ён падпісаў 20 мая. Крытэрыем эфектыўнай экспартнай дзейнасці будзе з’яўляцца забеспячэнне таварнай і геаграфічнай дыверсіфікацыі паставак, а таксама нарошчванне экспарту тавараў і паслуг тэмпамі, што апярэджваюць рост імпарту.

22 траўня на пасяджэнні Савета міністраў, на якім разглядалася праца эканомікі, Румас заявіў аб неабходнасці выправіць паводле вынікаў першага паўгоддзя сітуацыю з экспартам тавараў і паслуг, аднак перамен да лепшага не адбылося.

„Няздольнасць расці ў плане экспарту — лагічны працяг унутранай палітыкі. Таму паводле вынікаў года не будзе росту. Асабліва на фоне шарахання ў плане нафтапрадуктаў і металаў, падзення цэн на сыравінныя рэсурсы, таму што ідзе паўнавартасная гандлёвая вайна Кітая і ЗША. Попыт на гэтыя прадукты будзе змяншацца, адпаведна і тут атрымаем удар пад дых”, — адзначыў раней у каментары БелаПАН эканаміст Яраслаў Раманчук.

belapan.by