Беларусь удвая знізіла экспарт нафтапрадуктаў у студзені
У студзені 2017 года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у фізічным выражэнні скараціўся больш чым у два разы ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам, сведчаць папярэднія статыстычныя даныя аб выніках знешняга гандлю таварамі.
За першы месяц гэтага года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў склаў 744,2 тыс. тон і скараціўся ў параўнанні з узроўнем за студзень 2016 года на 53% — тады за месяц з Беларусі было вывезена амаль за 1,6 млн тон нафтапрадуктаў.
Практычна ўвесь аб’ём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў у студзені 2017 года прыйшоўся на тры геаграфічныя напрамкі — Вялікабрытанія (388,7 тыс. тон), Украіна (247,2 тыс. тон) і Нідэрланды (65,6 тыс. тон).
Скарачэнне экспарту беларускіх нафтапрадуктаў абумоўленае ў 2017 годзе тым, што аб’ём расейскай нафты, якая пастаўляецца на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, рэзка знізіўся.
Паводле расейскіх статыстычных даных, у студзені—лютым 2017 года расейскія кампаніі паставілі ў Беларусь 2,6 млн тон нафты, што прыкладна на траціну менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Нагадаем, Расея стала скарачаць пастаўкі нафты ў Беларусь у другой палове 2016 года. Падставай для такога рашэння стала запазычанасць Беларусі за расійскі газ, аб умовах паставак якога Масква і Менск дагэтуль не дамовіліся.
Расейскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч заявіў у канцы лютага, што запазычанасць Беларусі за газ ужо дасягнула 600 млн долараў. У сваю чаргу, беларускія ўлады лічаць, што ўмовы паставак у краіну расійскага газу павінны быць перагледжаныя.
„Скажу вельмі коратка і выразна, чаго мы хочам: ніякіх нізкіх цэн мы не хочам на газ. Нам трэба, каб кіраўніцтва братняй Расіі выконвала свае абавязацельствы. Па змесце і па духу. Калі мы будуем наш саюз — адзіную дзяржаву мы замахнуліся пабудаваць, — то ў нашых людзей і прадпрыемстваў, у бізнесу павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку. Усё, мы больш нічога не хочам”, — заявіў на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка ў час нарады па актуальных пытаннях развіцця краіны.
БелаПАН