Беларусь удзельнічае ў буйным харчовым кірмашы ў Каіры



Беларусь удзельнічае ў міжнароднай выставе прадуктаў харчавання і напояў Food Africa, якая з 8 па 10 снежня праходзіць у Каіры (Егіпет).

Як паведамляе прэс-служба выставачнага ўнітарнага прадпрыемства „Белінтэрэкспа” Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Food Africa — буйное спецыялізаванае мерапрыемства Паўночнай Афрыкі. Сёлета ў ім удзельнічаюць больш за 300 кампаній з 32 краін, у іх ліку Бахрэйна, Вялікабрытаніі, Кеніі, Кітая, Малайзіі, ААЭ, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Францыі, ПАР.

У экспазіцыі Belarus. The Taste of Nature дэманструецца прадукцыя 12 прадпрыемстваў харчовай прамысловасці: Менскага малочнага завода № 1, „Слодыча”, „Камунаркі”, „Спартака”, „Чырвонага харчавіка”, „Чырвонага мазыраніна”, „Гамы густу”, „Лідахарчканцэнтратаў”, Менскага маргарынавага завода, Дражджавога камбіната, „Мінск Крышталя”, гарадзенскай тытунёвай фабрыкі „Нёман”.

6 снежня адбыўся беларуска-егіпецкі форум, у якім узялі ўдзел пасол Беларусі ў Егіпце Сяргей Рачкоў, генеральны сакратар Федэрацыі гандлёвых палат Егіпта Ала Эзз, прадстаўнікі дзелавых колаў дзвюх краін. Прадстаўнікі беларускіх кампаній выступілі з прэзентацыяй прадукцыі і правялі перамовы з егіпецкімі бізнесменамі.

У межах дзелавой праграмы ўдзельнікі беларускай экспазіцыі наведалі вытворчыя прадпрыемствы Каіра і правялі шэраг сустрэч з кіраўніцтвам буйных гандлёвых сетак: Saudi Super Market, Spinneys Super Market, Hyperone і Carrefour.

belapan.by