Беларусь унесла авансавы плацеж за расейскі газ
Беларусь ажыццявіла авансавы плацеж за пастаўку расейскага газу, паведаміў 8 снежня БелаПАН прэс-сакратар прэм’ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч.
Паводле яго слоў, у кастрычніку 2016 года на ўзроўні ўрадаў Беларусі і Расеі дасягнутыя прынцыповыя дамоўленасці і вызначаныя канкрэтныя механізмы па рашэнні праблемных пытанняў у нафтагазавай сферы, аднак іх рэалізацыя зацягнулася. „Беларусь зацікаўленая ў як мага больш хуткім вырашэнні сітуацыі, у сувязі з чым у якасці першага кроку і жэсту добрай волі ажыццявіла апераджальны авансавы плацеж за прыродны газ”, — адзначыў Сычэвіч.
Пры гэтым памер плацяжу, аб’ём і кошт аплачанага газу не называюцца. Прэс-сакратар таксама не стаў удакладняць, ці з’яўляецца гэта плацяжом па наяўнай запазычанасці або авансам за будучыя пастаўкі.
Сычэвіч падкрэсліў, што „Беларусь разлічвае на зваротную добрую волю расійскага боку ў выглядзе хутчэйшага аднаўлення аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь, вызначаных дзейнымі міжурадавымі пагадненнямі”.
„Адначасова Беларусь спадзяецца, што расійскія партнёры пачнуць практычную рэалізацыю прынцыповых кастрычніцкіх дамоўленасцяў, уключаючы пытанні умоў пастаўкі ў Беларусь прыроднага газу”, — падкрэсліў прэс-сакратар.
Менск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расейскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расея, паводле дамоўленасцяў, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты ў год аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя, спачатку да 3,5 млн тон у квартал, а з кастрычніка — ужо да 3 млн тон. Гэта стала адказам на запазычанасць па пастаўках расейскага газу ў 281 млн долараў. 19 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заявіў аб наяўнасці сродкаў для разлікаў за газ, а 21 кастрычніка міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык сцвярджаў, што грошы за газ „сёння пералічваем”. Аднак гэтага не адбылося.
8 снежня віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў журналістам у Маскве, што Расея ўсё яшчэ чакае ад Беларусі пагашэння доўгу за газ. „Яны (беларускі бок. — БелаПАН.) накіравалі прапановы, абмяркоўваем яшчэ. Чакаем аплаты”, — цытуе Дварковіча ТАСС.
belapan.by