Беларусь увайшла ў лік ключавых пакупнікоў расейскай свініны
У першым квартале бягучага года Расея змагла нарасціць пастаўкі свініны за мяжу. У ліку галоўных імпарцёраў расейскай свініны аказалася Рэспубліка Беларусь, пастаўкі выраслі ў 1,2 разу. Агулам з пачатку года расейская свініна пастаўлялася ў 11 краін, у тым ліку ў В’етнам, які павялічыў закупкі больш як два разы.
Таксама Расея павялічыла пастаўкі за мяжу цыбулі, часныку, бульбы і арэхаў. Расце экспарт бараніны. На стабільна высокім узроўні адгрузкі ялавічыны, мяса птушкі і малочнай прадукцыі. За тры месяцы года з Расеі за мяжу паставілі ў тры разы больш цыбулі і часныку, і практычна ў два разы больш – бульбы і арэхаў. Асноўнымі пакупнікамі названай гародніны сталі Казахстан, Азербайджан, Беларусь і Грузія. Арэхі пераважна пастаўлялі ў Кітай.
Абеды ў беларускіх школах падаражаюць
У Беларусі ў сярэдні на 6-11 працэнтаў павялічаныя нормы выдаткаў на харчаванне ва ўстановах адукацыі. Гэта прадугледжана пастановай урада №265. Кошт абедаў зменіцца ў залежнасці ад часу, які дзеці праводзяць у школе, і ад узросту дзяцей. Да прыкладу, для школьнікаў 6-10 гадоў пры двухразовым харчаванні цана на абед і поўднік складзе 3,05 рублі замест 2,82 рублёў. Дарэчы, падаражала і харчаванне дарослых, якія навучаюцца па праграмах прафтэхадукацыі. Пры аднаразовым харчаванні выдаткі вырастуць на 11 працэнтаў, а пры трохразовым – на 8 працэнтаў.
Качанава прапанавала “Белшыне” выпускаць пакрышкі для ровараў
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прапанавала прадпрыемству “Белшына” дадаць у сваю лінейку новы прадукт – роварныя шыны. Качанава звярнула ўвагу на тое, што цяпер многа кажуць пра адзіную прамысловую палітыку. І тыя ж самыя роварныя шыны сёння патрэбныя не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі. “Чаму б нам не стварыць вытворчасць па выпуску такіх шын або не наладзіць вытворчасць на ўжо існуючай “Белшыне”? Мы вырабляем такія буйнагабарытныя шыны, а для ровараў – не вырабляем”, – прапанавала чыноўніца. Яна дадала, што да гэтага пытання яшчэ вернуцца, бо яго трэба дэтальна абмеркаваць. (officelife.media)
Цана электраэнергіі ў Нідэрландах пайшла ў мінус, гэта з-за ветракоў
Аптовая цана электраэнергіі ў Нідэрландах дасягнула адмоўных значэнняў. Як паведамляе Bloomberg, прычынай такой сітуацыі стала занадта высокая генерацыя ў сектары ўзнаўляльнай энергетыкі: аб’ёмы вырабленай на ветраных станцыях электрычнасці перавысілі сукупны попыт, і сеткі даплачвалі кліентам за дадатковае спажыванне. Летась цэны на электрычнасць, наадварот, зашкальвалі, а Еўропа перажывала сапраўдны энергетычны крызіс.
Уладзімір Пуцін папярэджваў, што зялёны пераход, маўляў, выйдзе “еўрапейцам бокам”. Цэны на газ у Еўропе зашкальваюць, палохаў Пуцін у снежні. А паколькі Расея некаторым сваім партнёрам прадае газ у 10 з лішнім разоў танней, гэта стабілізуе яе эканоміку. Але з пачатку снежня мінулага года цана газу ў Еўропе зменшылася прыкладна ў 3,5 разу. (nashaniva.com)
Беларускае Радыё Рацыя.