Беларусь уваходзіць у ТОП-5 экспарцёраў малакапрадуктаў
Пра гэта паведамляе Мінсельгасхарч. Беларусь таксама займае ў сусветным рэйтынгу трэцюю пазіцыю па экспарце масла і па экспарце малочнай сыроваткі сухой, чацвёртую пазіцыю па экспарце сыру і пятае месца па экспарце сухога абястлушчанага малака, піша “Народная Воля”.
„Узровень самазабеспячэння малакапрадуктамі ў краіне 263,3 працэнта, што сведчыць аб магчымасці ажыццяўлення экспартных паставак без урону для харчовай незалежнасці краіны”, – адзначаюць у Мінсельгасхарчы.
У траўні ў Беларусі было прадалі 1.649 новых легкавых аўтамабіляў.
У параўнанні з леташнім траўнем продаж вырас на 255% (годам раней было рэалізавана 465 машын).
Па словах кіраўніка ТАА „АўтаПрамСэрвіс” Андрэя Ткачова, 80% продажаў новых аўтамабіляў прыпадае на кітайскія брэнды, у асноўным Geely. „У найбліжэйшыя месяцы чакаецца прыход новых кітайскіх брэндаў, у розных, у тым ліку і прэміяльным, сегментах рынку, што, у сваю чаргу, прывядзе да павелічэння выбару для спажыўцоў”, — прагназуе Ткачоў.
Па выніках 2022 года дылеры прадалі 14.843 легкавыя аўтамабілі. Лідзіравалі Geely, Lada і Kia. (@pozirkonline)
Гарадзенскі шклозавод атрымае 6 млн рублёў
“Гарадзенскі шклозавод” атрымае шэсць мільёнаў рублёў (больш за 2 мільёны даляраў) з інавацыйнага фонду Гарадзенскага аблвыканкама. Усе яны пойдуць на пагашэнне крэдыту па будаўніцтве прадпрыемства па вытворчасці шкляных бутэлек у свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвест” у Аульсе. Вытворчасць пачалі будаваць вясной 2021 года. Работы збіраліся завяршыць да кастрычніка 2022 год, але будоўля перажыла вялікі пажар. Таму тэрміны перасунуліся, і запусціць вытворчасць плануюць у другой палове бягучага года. На новым заводзе збіраюцца вырабляць больш за 240 мільёнаў піўных бутэлек на год.
Завод у Аульсе вырашылі будаваць для задавальнення попыту на шкляную тару і ўпакоўку як альтэрнатыву пластыку.
Еўразвяз прадоўжыць забарону на ўвоз зерневых з Украіны
Еўрапейская камісія падоўжыць забарону на ўвоз з Украіны пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніку. Цяперашняя забарона была ўзгоднена ў выніку збожжавага крызісу, які закрануў суседнія з Украінай краіны ЕС: Польшчу, Балгарыю, Румынію, Славакію і Венгрыю. Забарона будзе прадоўжана да 15 верасня гэтага года.
Міністр сельскай гаспадаркі Польшчы Робэрт Тэлюс паведаміў, што на сённяшні дзень фермеры прадалі 56% лішку збожжа, які ўтварыўся ў выніку імпарту ўкраінскага збожжа, якое замест таго, каб ісці далей праз Польшчу, засталося ў краіне і заблакавала продаж збожжа польскімі фермерамі. Раней паведамлялася, што польскія фермеры не змаглі прадаць 4 мільёны тон свайго зерня. Сітуацыя выклікала пратэсты ў многіх рэгіёнах краіны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц