Беларусь увяла забарону на ўвоз свініны з Польшчы з-за АЧС
Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі ўвёў забарону на ўвоз свініны з Польшчы з-за АЧС.
„У Беларусі 16 сакавіка ўведзеныя часовыя абмежаванні на ўвоз свініны з Польшчы. Абмежаванні ўведзеныя ў сувязі з працягам рэгістрацыі ў Польшчы выпадкаў захворвання свіней на АЧС (афрыканскую чуму свіней)”, — гаворыцца ў рашэнні дэпартамента, апублікаваным на яго сайце.
Такім чынам, забаронены ўвоз у Беларусь з Польшчы жывых свіней, спермы кныроў, свініны і прадуктаў яе перапрацоўкі, у тым ліку мяса дзікоў, гарбарнай, рогакапытнай і кішачнай сыравіны, шчаціння, паляўнічых трафеяў, кармоў і кармавых дабавак для жывёл, у тым ліку з птушкі і рыбы, акрамя гатовых, тэрмічна апрацаваных кармоў і дабавак для катоў і сабак. Кармы і дабаўкі для катоў і сабак, якія змяшчаюць свінагадоўчую сыравіну, таксама ўвозіць забаронена.
Забароненыя таксама пастаўкі раслінных кармоў і кармавых дабавак для жывёл і шроту з Варміньска-Мазурскага, Заходне-Паморскага, Люблінскага, Любушскага, Мазавецкага, Ніжнесілезскага, Падкарпацкага і Падляскага ваяводстваў Польшчы.
Акрамя таго, Мінсельгасхарч лічыць неабходным прыняць дадатковыя меры кантролю па біялагічнай абароне буйных свінагадоўчых комплексаў, ферм і гаспадарак усіх формаў уласнасці.
Абмежаванні на ўвоз свініны з Польшчы не паўплываюць на працу мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў і ўнутраны рынак, заявілі БелаПАН у прэс-службе Мінсельгасхарча. „Ні ў 2019-м, ні ў 2020-м, ні ў пачатку 2021 года свініна з Польшчы да нас не імпартавалася”, — паведамілі ў прэс-службе.
„Калі ж казаць пра самазабеспячэнне ўнутранага рынку мясной прадукцыяй у цэлым, то Беларусь займае пазіцыі лідара сярод краін ЕАЭС па вытворчасці мяса на душу насельніцтва. Статыстыка гэта пацвярджае: згодна са звесткамі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) у свеце ўзровень сярэднедушавога спажывання мяса складае 43,6 кілаграма на чалавека на год, у той час як у нашай краіне — 94. Летась на душу насельніцтва мы вырабілі 132 кілаграмы мяса, тым самым узровень самазабеспячэння перавысіў 135%”, — адзначылі ў Мінсельгасхарчы.