Беларусь вядзе перамовы па пастаўках нафты з Казахстана
Беларусь вядзе перамовы па пастаўках нафты з Казахстана і прапаноўвае актывізаваць гэтыя перамовы. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 траўня на сустрэчы з надзвычайным і паўнамоцным паслом Казахстана ў Беларусі Ермухаметам Ертысбаевым, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
„Вы ведаеце, што мы цяпер заняліся дыверсіфікацыяй паставак вуглевадароднай сыравіны. Мы маем некалькі пунктаў дотыку і вядзем перамовы па пастаўках нафты ў Беларусь з іншых крыніц, — расказаў Лукашэнка. — У гэтым годзе мы ў асноўным скончым мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў, таму нам будзе трошкі лягчэй купляць з сусветных рынкаў нафту”.
„У сувязі з гэтым ужо вядзем перамовы і хацелі б, каб яны былі актывізаваныя, па пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь. Думаю, гэта пытанне мы можам вырашыць. Яно ляжыць у плоскасці не толькі Беларусі і Казахстана (тут праблем няма), але і Расеі па транзіце. Расея — член ЕАЭС. Я думаю, што з блізкай нам краінай мы зможам дамовіцца пра нейкія аб’ёмы паставак нафты з Казахстана”, — дадаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у гандлёва-эканамічных адносінах паміж Беларуссю і Казахстанам асаблівых праблем няма. „Ёсць пэўны дысбаланс у гандлі ў бок Беларусі, але вы павінны ведаць, што ў Казахстане вырабляюць масу тавараў, якія нам вельмі патрэбныя, пачынаючы ад бавоўны і заканчваючы металамі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы гатовыя, як гэта было ў савецкія часы, закупляць у вас збожжа (у вас вялікія лішкі, яны будуць заўсёды). Таму ўрэгуляваць баланс у гандлі не з’яўляецца праблемай. Думаю, што трэба даручыць нашай міжурадавай камісіі заняцца гэтымі пытаннямі”.
Лукашэнка таксама адзначыў добрыя адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам. „Мы выбудавалі досыць выразную сістэму ўзаемаадносін Беларусі і Казахстана, дасягнулі практычна мільярда (долараў.) тавараабароту паміж нашымі дзяржавамі. Патэнцыял вялізны”, — заявіў ён.
Развіццю двухбаковых адносін, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, спрыяе і ўдзел абедзвюх краін у кітайскай ініцыятыве „Пояс і шлях”: у Казахстане функцыянуе СЭЗ „Харгос — Усходнія вароты”, у Беларусі — індустрыяльны парк „Вялікі камень”. На думку Лукашэнкі, „спалучэнне дзвюх краін у гэтым кірунку павінна быць больш прыкметным”.
Ён таксама паведаміў, што плануе сустрэцца з цяперашнім прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым і былым лідарам краіны Нурсултанам Назарбаевым падчас візіту ў Нур-Султан для ўдзелу ў саміце ЕАЭС. „Я думаю, нягледзячы на тое, што ў нас саюзнае мерапрыемства ў рамках ЕАЭС у Нур-Султане, нам удасца і з вашым прэзідэнтам і з першым прэзідэнтам Казахстана перагаварыць аб далейшых шляхах нашага супрацоўніцтва”, — сказаў Лукашэнка.
Саміт Еўразійскага эканамічнага саюза плануецца ў Нур-Султане 29 траўня.