Беларусь вядзе перамовы з Савудаўскай Аравіяй пра нафту па нізкіх цэнах



Беларусь вядзе перамовы з Саудаўскай Аравіяй аб куплі нафты па нізкіх цэнах, паведамілі БелаПАН у канцэрне „Белнафтахім”.

„Калі будзе ў нас такая магчымасць, то [Саудаўская Аравія], вядома, зможа стаць [пастаўшчыком нафты ў Беларусь]. Але ў гэтым выпадку пакуль ёсць толькі заявы, што яны могуць укінуць нафту па тых цэнах, якія яны заявілі (25 даляраў за бараль Arab Light. — БелаПАН.). Але яе пакуль няма. Яшчэ ніхто не зарэгістраваў і не аформіў здзелкі па гэтых цэнах. Руху на рынку варта чакаць пасля 1 красавіка, а пакуль вядуцца перамовы, разглядаюцца розныя варыянты працы”, — сказаў прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка.

6 сакавіка краіны АПЕК+ не здолелі дамовіцца аб здабычы нафты ў свеце. Саудаўская Аравія прапаноўвала яшчэ больш скараціць здабычу на фоне зніжэння попыту на сыравіну з-за каранавіруса. Расея прапаноўвала пакінуць аб’ёмы здабычы на ранейшым узроўні. Пасля разрыву здзелкі з 1 красавіка ўсе абмежаванні на здабычу нафты спыняць дзеянне.

Саудаўская Аравія ўжо заявіла аб намеры павялічыць пастаўкі сыравіны на еўрапейскі рынак па нізкіх цэнах у процівагу Расеі, паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы. Паводле іх слоў, кампанія Saudi Aramco гатовая пастаўляць нафту маркі Arab Light па 25 долараў за бараль, што значна ніжэй за цану расійскага гатунку Urals, які таргуецца ў раёне 30 долараў за бараль.

7 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў пра паступленне да яго прапановы аб пастаўцы 6 млн тон нафты. Пастаўшчык гэтай нафты на сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым і старшынёй „Белнафтахіма” Андрэем Рыбаковым не называўся.

„Да мяне паступіў шэраг прапаноў па пастаўках нафты і перапрацоўцы ў Беларусі. Цяпер такіх прапаноў ўжо, дзякуй богу, нямала. Я вас выклікаў у выхадны дзень, таму што пытанне не трывае адкладання. Нам трэба прымаць рашэнне і ўжо з панядзелка-аўторка забіраць гэтую нафту. Таму што аб’ёмы вялікія — больш за 6 млн тон”, — сказаў Лукашэнка.

Беларусь закупляе нафту ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў на фоне рознагалоссяў па цане на сыравіну з буйнымі расійскімі кампаніямі. У канцы студзеня было закуплена 86 тыс. тон нафты ў Нарвегіі. У сакавіку 250 тыс. тон павінна паступіць ад Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана (SOCAR) праз порт Адэсы. Яшчэ 320 тыс. тон нафты, набытай ў трэйдараў, прыбудзе ў порт Клайпеды.

Нават у выпадку нармалізацыі паставак з Расеі Беларусь мае намер штомесяц купляць мінімум два танкеры альтэрнатыўнай нафты, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас пасля сустрэчы з расійскім калегам Міхаілам Мішусціным 11 сакавіка ў Маскве.

„Беларусь прыняла рашэнне, што ўсё роўна мінімум па адным танкеры на кожны завод штомесяц мы будзем браць незалежна ад таго, дамовімся мы з Расейскай Федэрацыяй ці не, таму што пытанні эканамічнай бяспекі, пытанні дыверсіфікацыі паставак абмеркаваныя, рашэнні прынятыя. Пытанне толькі ў тым, будзем мы браць шмат гэтай альтэрнатыўнай нафты, як мы сёння бяром, ці гэта будуць мінімальныя партыі для таго, каб мы разумелі і адчувалі рынак”, — сказаў Румас.

belapan.by