Беларусь вырабляе трансгеннае малако, але прадаваць не можа
Дванаццаць год таму навукоўцы Беларусі і Расеі распачалі працу над стварэннем статка трансгенных коз, якія, дзякуючы дададзенаму ў ДНК коз гену чалавека, будуць даваць малако з лактаферынам. Лактаферын – вельмі важны і карысны бялок, які можна выкарыстоўваць у медыцыне, у харчовай ды парфюмернай прамысловасці. Але закон Расеі зараз забараняе трансгенныя прадукты. Малако ад трансгенных коз пакуль не прадаецца і ў Беларусі – праверак шмат і яны марудныя. У той жа час, як заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску акадэмік НАН Беларусі Іван Шайко, водгукі медыкаў пра беларускі лактаферын цалкам пазітыўныя.
– Вельмі-вельмі добрыя водгукі пра гэты прадукт. У Беларусі ён зойме пачэснае месца. Запатрабаванне ў ім у нас ужо ёсць. І каб мы мелі права прадаваць гэтае малако, то мы маглі б ужо акупіць усе гэтыя выдаткі. Але пакуль ідзе медыцынскае асьведчанне і розныя праверкі, мы прадаваць яго не можам. Мы яго марозім, у нас каля 20 тон замарожанага малака з лактаферынам на былых ваенных складах.
Зараз статак трансгенных коз пад Менскам налічвае больш за 200 асобін. У дзень на перапрацоўку ідзе 20-30 літраў малака. Лактаферын, як даказана медыцынай, валодае супрацьвіруснымі, антыканцэрагеннымі, рэгенератыўнымі і стымулюючымі імунітэт якасцямі. Вялікую цікавасць да беларускага лактаферыну ўжо праявілі японцы – магчыма, пастаўкі ў гэтую краіну будуць рэгулярнымі пасля выканання ўсіх дазвольных працэдур.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя