Беларусь выцесніла ў РФ больш за 705 тыс. т няякаснай нафты



Беларусь выцесніла ў РФ больш за 705 тыс. т няякаснай нафты, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

„Па стане на 26 чэрвеня бягучага года з Беларусі ў напрамку ЛВДС Унеча выцеснена ўжо 705,2 тыс. т нафты неналежнай якасці, і, зразумела, яна заменена якаснай нафтай”, – сказаў Ігар Ляшэнка.

Віцэ-прэм’ер нагадаў, што была распрацавана і ўзгоднена дарожная карта па замяшчэнні на тэрыторыі Беларусі няякаснай нафты. Рэалізуемыя мерапрыемствы павінны забяспечыць адсутнасць да 15 жніўня на тэрыторыі Беларусі няякаснай нафты ў выніку яе выцяснення на тэрыторыю РФ.

Як паведамлялася, „Белнафтахім” 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расtйскай нафты Urals, якая паступае па трубаправодзе „Дружба”. Колькасць хлорарганічных злучэнняў у саставе нафты перавышала гранічныя значэнні па стандарце ў дзясяткі разоў. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы – Мазырскі НПЗ і ААТ „Нафтан” – вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты.

belta.by