Беларусь з-за авіясанкцый недаатрымае сотні мільёнаў даляраў



У сувязі з авіясанкцыямі, якія ўведзеныя Еўразвязам у дачыненні да Беларусі, краіна недаатрымае сотні мільёнаў даляраў. Такое меркаванне выказаў 15 чэрвеня эксперт Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus Дзмітрый Бабіцкі падчас анлайн-прэзентацыі свайго даследавання.

Ён нагадаў, што заходнія авіякампаніі спынілі палёты ў паветранай прасторы над Беларуссю, і таму не пералічваюць у бюджэт краіны плату за пралёт. „Паводле ацэнак, з-за гэтага краіна можа недаатрымаць 50—60 млн даляраў у год”, — сказаў Бабіцкі.

Другі канал уплыву авіясанкцый на Беларусь, дадаў ён, — зборы, якія недаатрымае беларускі аэрапорт. Эксперт звярнуў увагу, што частка самалётаў раней праляталі Беларусь транзітам, і ў 2019 годзе каля 5 млн пасажыраў перамяшчаліся праз краіну транзітам.

„Беларусь можа недаатрымаць 50—100 млн даляраў з-за страты даходаў, звязаных з авіятранзітам”, — выказаў меркаванне Бабіцкі.

Акрамя таго, дадаў ён, прыкладна столькі ж з прычыны авіясанкцый можа недаатрымаць нацыянальная авіякампанія „Белавія”. „Цяпер пасажырскія авіяперавозкі ў свеце аднаўляюцца пасля пандэміі, але з-за санкцый „Белавія” не зможа скарыстацца магчымасцямі, якія з’явіліся ў іншых кампаній”, — канстатаваў Бабіцкі.

Нагадаем, у маі Еўрапейскі савет заклікаў ўсіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвязу. У пачатку чэрвеня Савет Еўразвязу афіцыйна забараніў усім беларускім авіяперавозчыкам пралёт над тэрыторыяй Еўразвязу і доступ у аэрапорты ЕЗ.

Пералічаныя авіясанкцыі былі ўведзеныя пасля таго, як 23 мая самалёт Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, вымушана сеў у Менску. У аэрапорце паведамілі, што лайнер запытаў пасадку з-за звестак пра бомбу на борце. У Ryanair заявілі, што экіпаж атрымаў інфармацыю аб мініраванні ад беларускіх дыспетчараў, якія далі ўказанне пасадзіць самалёт у Менску.

Пазней мініраванне не пацвердзілася, але стала вядома пра затрыманне беларускага блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце самалёта. На радзіме ён абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, быў абвешчаны ў міжнародны вышук, улады Беларусі раней накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы. Краіны ЕЗ лічаць, што ўлады Беларусі наўмысна ініцыявалі пасадку самалёта Ryanair, каб затрымаць па палітычных матывах Пратасевіча. Афіцыйны Менск гэтую версію абвяргае.

Камандуючы ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі Ігар Голуб 14 чэрвеня падчас прэс-канферэнцыі заявіў, што ніякага „перахопу, прымусу да пасадкі і суправаджэння” самалёта Ryanair паднятым у паветра знішчальнікам МіГ-29 не было і бліжэй чым на 50 км баявая машына да грамадзянскага судна не набліжалася.

Дырэктар авіякампаніі Ryanair Майкл О’Ліры на пасяджэнні транспартнага камітэта Палаты абшчын парламента Вялікабрытаніі 15 чэрвеня даў паказанні аб сітуацыі з вымушанай пасадкай самалёта ў Менску. Ён заявіў аб наўмысным парушэнні ўладамі Беларусі ўсіх міжнародных авіяцыйных правілаў і нормаў бяспекі.

Як піша выданне The Irish Times, паводле сведчанняў О’Ліры, авіядыспетчары ў Менску паведамілі экіпажу рэйса Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, аб атрыманай імі „рэальнай пагрозе, што на борце самалёта выбухне бомба, калі ён увойдзе ў паветраную прастору Літвы або паспрабуе прызямліцца ў вільнюскім аэрапорце”.

О’Ліры адзначыў, што рэйсы Ryanair, якія адхіляюцца ў тым пункце, звычайна прызямляюцца ў Польшчы і краінах Балтыі, але на камандзіра судна „рабіўся значны ціск”, каб ён прызямліўся ў Менску. „Яму не загадвалі зрабіць гэта, але яму не пакінулі ніякай альтэрнатывы”, — падкрэсліў ён на пасяджэнні камітэта.

БелаПАН