Беларусь за пяць месяцаў выплаціла знешнім крэдыторам больш за $1,3 млрд



Знешні дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 чэрвеня 2018 года склаў 16,4 млрд долараў ЗША, зменшыўшыся з пачатку года на 332 млн долараў, або на 2%, паведамляе Міністэрства фінансаў.

У студзені—маі 2018 года прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на суму 1 млрд 64,9 млн долараў ЗША: 600 млн долараў — еўрааблігацыі; 377 млн долараў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 52,7 млн долараў — МБРР; 33,1 млн долараў — банкаў КНР; 2,1 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.

На пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку года накіравана 1 млрд 309,9 млн долараў ЗША: 800 млн долараў — еўрааблігацыі; 213,4 млн долараў — банкі КНР; 174,6 млн долараў — урад Расійскай Федэрацыі; 88,3 млн долараў — ЕФСР; 32,5 млн долараў — МБРР; 0,7 млн долараў — ЗША; 0,4 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.

Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 чэрвеня склаў 9,3 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 130,9 млн рублёў, або на 1,4%.

За студзень—май размешчана ўнутраных валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 205 млн долараў ЗША. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 171,5 млн долараў ЗША і 23,1 млн рублёў.

У цэлым дзяржаўны доўг Беларусі на 1 чэрвеня склаў 42,5 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2018 года на 292,5 млн рублёў, або на 0,7%.

Як паведамляў БелаПАН, выступаючы 24 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада і Нацбанка ў найбліжэйшыя гады перарасці даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. „Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пра тое, што дзярждоўг лёг цяжарам на рэспубліканскі бюджэт, заявіў намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Курлыпа, выступаючы 27 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў з дакладам аб выкананні бюджэту ў мінулым годзе.

„У пачатку года сума доўгу перавысіла 42 млрд рублёў, што больш чым у два разы больш за паступленні рэспубліканскага бюджэту. Нягледзячы на тое што дзяржаўная запазычанасць на пачатак года склала 39% да ВУП і не перавысіла парогавага значэння (45% да ВУП), выдаткі па абслугоўванні дзярждоўгу пастаянна павялічваюцца, цяжарам кладуцца на рэспубліканскі бюджэт”, — заявіў Курлыпа.

Ён звярнуў увагу, што за апошнія тры гады доля расходаў рэспубліканскага бюджэту, якая накіроўвалася на абслугоўванне дзярждоўгу, павялічылася з 8,7% да 11%. Гаворка ідзе пра 2 млрд рублёў, удакладніў Курлыпа, „што істотна вышэй за асігнаванні, якія выдзяляюцца сумарна з бюджэту на ахову здароўя і адукацыю (1,6 млрд рублёў)”.

Пры гэтым у 2019—2025 гадах Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу 23,46 млрд долараў. Такія дадзеныя Мінфіна прыводзяцца ў праспекце эмісіі еўрабондаў, якія беларускія ўлады размяшчалі ў першым квартале.

belapan.by