Беларусь захоўвае высокую эканамічную залежнасць ад Расеі
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings пацвердзіла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя суверэнныя крэдытныя рэйтынгі Беларусі па абавязацельствах у замежнай і нацыянальнай валютах на ўзроўні В, прагноз «стабільны». Рэйтынг еўрааблігацый Беларусі таксама пацверджаны на ўзроўні В, паведамляецца ў прэс-рэлізе агенцтва.
Эксперты Fitch Ratings адзначылі ўмацаванне макраэканамічнай стабільнасці ў краіне, рост золатавалютных рэзерваў і паказчыкаў прыбытку на душу насельніцтва, а таксама станоўчую дынаміку пагашэння запазычанасці Беларусі.
Разам з тым, як адзначаецца ў паведамленні, «нягледзячы на прагрэс у напрамку дыверсіфікацыі, Беларусь захоўвае высокую эканамічную залежнасць ад Расеі і таму ўразлівая для змен у расейскай палітыцы».
Fitch Ratings таксама паказвае на захаванне нявызначанасці ў дачыненні да патэнцыйнай кампенсацыі Беларусі за павелічэнне выдаткаў на імпарт нафты ў сувязі з ажыццяўленнем расейскага падатковага манеўру, што можа прывесці да прамых выдаткаў у памеры 10,6 млрд долараў ЗША на працягу 2019–2024 гадоў.
Fitch прагназуе, што інфляцыя ў Беларусі складзе 5,7% у 2019 годзе і 5,3% у 2020–2021 гадах, што блізка да сярэдняга значэння 5%. Золатавалютныя рэзервы, якія ў кастрычніку дасягнулі 9,3 млрд долараў, да канца года складуцца на ўзроўні 8,7 млрд долараў ЗША.
Як лічаць эксперты агенцтва, тэмп росту ВУП Беларусі ў 2019 годзе знізіцца да 1,3% у 2019 годзе, што «адлюстроўвае больш слабы знешні попыт і негатыўны ўплыў забруджанай нафты». Пры гэтым чакаецца, што ў 2020-2021 гадах штогадовы рост ВУП Беларусі складзецца на ўзроўні 1,5%.