Беларусь закупіла другую партыю амерыканскай нафты



Беларусь закупіла другую партыю амерыканскай нафты, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.

„Паводле плана жнівеньскіх паставак сёння ў амерыканскім порце Beaumont стаў пад загрузку і рыхтуецца да адпраўкі ў Беларусь танкер з 80 тыс. т нафты гатунку White Eagle Blend (WEB). Тэрмін прыбыцця ў Клайпеду — 6-8 жніўня”, — сказаў Цішчанка.

Ён нагадаў, што гэта ўжо другі танкер сёлета ў межах беларуска-амерыканскага супрацоўніцтва па дыверсіфікацыі паставак нафты для беларускіх НПЗ.

Цішчанка растлумачыў, што гатунак WEB з’яўляецца сумессю трох гатункаў нафты (два амерыканскія і адзін канадскі). „Ён спецыяльна распрацаваны для еўрапейскіх НПЗ, арыентаваных на расейскую Urals”, — адзначыў прэс-сакратар канцэрна.

Першая партыя амерыканскай нафты была пастаўленая ў Беларусь у чэрвені. Танкер 17 траўня выйшаў з порта Beaumont і прыбыў у Клайпеду 6 чэрвеня. Затым па чыгунцы груз быў дастаўлены на „Нафтан”.

Пра пачатак паставак амерыканскай нафты ў Беларусь раней паведаміў дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа. „Гэтая канкурэнтная здзелка, заключаная амерыканскім энергетычным трэйдарам United Energy Trading пры спрыянні амерыканскай фірмы Getka і іх польскага партнёра UNIMOT, умацоўвае беларускі суверэнітэт і незалежнасць, дэманструе, што Злучаныя Штаты гатовыя даць гандлёвыя магчымасці амерыканскім кампаніям, зацікаўленым у выхадзе на беларускі рынак, і выконвае абавязацельствы, узятыя Злучанымі Штатамі перад Беларуссю ў лютым”, — гаварылася ў каментары Пампеа.

Міністр замежных спраў Уладзімір Макей 15 траўня пацвердзіў пачатак паставак нафты з ЗША ў Беларусь. „Гэта стала магчымым паводле вынікаў дамоўленасцяў, дасягнутых падчас візіту ў Рэспубліку Беларусь 1 лютага 2020 года дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампеа і сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам”, — заявіў ён.

Як адзначыў Макей, ажыццяўленне паставак амерыканскай нафты з’яўляецца часткай „дзяржаўнай стратэгіі па дыверсіфікацыі крыніц (забеспячэння) і забеспячэнні ўстойлівай працы нафтаперапрацоўчага комплексу Беларусі ў 2020-м і ў наступныя гады”.

belapan.by