Беларусь закупіць за мяжой 200 тысяч тон фуражнага збожжа з-за недахопу ўраджаю
Беларусь закупіць каля 200 тысяч тон фуражнага збожжа за мяжой у сувязі з недастатковым ураджаем. Пра гэта журналістам перад IV экспартным форумам „Беларусь мясная” паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько.
„Мы ўжо разгледзелі баланс. У нас ёсць нязначныя аб’ёмы, якія прыйдзецца закупіць. Гэта каля 200 тысяч тон. Мы плануем закупіць збожжа найбліжэйшым часам. Разглядаем магчымасць закупкі і ў Казахстане, і ва Украіне, і ў Расеі”, — паведаміў Хацько.
Асноўнай прычынай недабору збожжа ён назваў неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Гарачыня і адсутнасць дажджоў прывялі да гібелі пасеваў у перыяд паспявання збожжа.
„Асноўны фактар — гэта ўмовы надвор’я. У нас спісана больш за 200 тысяч плошчаў, якія пацярпелі падчас перыяду выспявання збожжа”, — адзначыў міністр.
У гэтым годзе Мінсельгасхарч чакае ўраджаю збожжавых (без уліку рапсу і кукурузы) на ўзроўні 6,9 млн тонаў. У мінулым годзе ўраджай склаў 6,2 млн тон. У сувязі з недаборам збожжавых улады заяўлялі пра планы закупіць за мяжой да 700 тысяч тон збожжа для патрэб жывёлагадоўлі.
belapan.by