Беларусь заняла 108-е месца ў Індэксе эканамічнай свабоды
Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў Індэксе эканамічнай свабоды, які падрыхтавала аўтарытэтная амерыканская арганізацыя Heritage Foundation.
У рамках даследавання аналізавалася сітуацыя ў 180 краінах. Беларусь набрала 58,6 бала і страціла 0,5 бала ў параўнанні з мінулым годам. У выніку рэспубліка перамясцілася са 104-га на 108-е месца ў рэйтынгу, які падрыхтавала амерыканская даследчая арганізацыя.
Як адзначаюць аўтары даследавання, Беларусь займае 42-е месца сярод 44 краін у еўрапейскім рэгіёне па паказчыках, якія характарызуюць эканамічную свабоду.
„Беларуская эканоміка стагнуе. Зніжэнне сусветных цэн на асноўныя экспартныя тавары, такія як нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні, вымусіла ўрад узмацніць грашова-крэдытную палітыку, у тым ліку перайсці да больш гнуткага рэжыму валютнага курсу, а таксама зменшыць субсідаванае крэдытаванне дзяржаўных прадпрыемстваў”, — каментуюць сітуацыю ў Беларусі аўтары даследавання.
Яны адзначаюць, што ліберальныя падыходы не з’яўляюцца прыярытэтам эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў. „Распаўсюджанне ўдзелу дзяржавы і кантроль эканомікі па-ранейшаму сур’ёзна перашкаджаюць яе росту і развіццю, а невялікі прыватны сектар у Беларусі застаецца маргінальным”, — мяркуюць эксперты.
На думку аўтараў амерыканскага даследавання, у Беларусі парушаюцца правы прыватных уласнікаў. „Экспрапрыяцыя прыватнай уласнасці ў некаторых выпадках адбываецца праз дэпрыватызацыю. Прэзідэнт кантралюе ўвесь урад, суды і нават заканадаўчы працэс з дапамогай указаў прэзідэнта, якія маюць большую юрыдычную сілу, чым звычайныя законы”, — гаворыцца ў даследаванні Heritage Foundation.
Амерыканскія эксперты таксама звяртаюць увагу, што цяперашняя беларуская эканамічная мадэль прыводзіць да шырокага распаўсюджання ў краіне карупцыі. „Дзяржава кантралюе 70% эканомікі, падсілкоўваючы тым самым шырока распаўсюджаную карупцыю”, — мяркуюць аўтары даследавання.
Нагадаем, у мінулым годзе ў Беларусі зафіксаваны рост колькасці карупцыйных злачынстваў. Так, у 2017 годзе выяўлена 1.922 выпадкі хабарніцтва, іх колькасць павялічылася на 53,3% у параўнанні з 2016 годам, сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі.
Індэкс эканамічнай свабоды — паказчык, які штогод разлічваецца газетай Wall Street Journal і даследчым цэнтрам Heritage Foundation па большасці краін свету. Аналіз эканамічнай свабоды праводзіцца з 1995 года. Эксперты Heritage Foundation вызначаюць эканамічную свабоду як „адсутнасць урадавага ўмяшання або перашкоды вытворчасці, размеркаванню і спажыванню тавараў і паслуг, за выключэннем неабходнай грамадзянам абароны і падтрымкі свабоды як такой”.