Беларусь запытала ў заходніх крэдытораў больш за мільярд даляраў



Беларусь разлічвае атрымаць у заходніх крэдытораў больш за мільярд даляраў. Гэта вынікае з ліста міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, які быў накіраваны ў Рэспубліканскую канфедэрацыю прадпрымальніцтва.

Міністр адзначае, што ва ўмовах сённяшняй эканамічнай сітуацыі ўрадам праводзіцца праца „па прыцягненні максімальнага аб’ёму знешняга фінансавання ў краіну”.

„Па лініі аховы здароўя рыхтуюцца праекты ўказаў аб прыцягненні пазыкі (90 млн еўра) Сусветнага банка для куплі неадкладных медыцынскіх тавараў, прэпаратаў, абсталявання. Аналагічная праца пачатая з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам (каля 50 млн еўра)”, — гаворыцца ў лісце.

Акрамя гэтага, паведамляе міністр, для падтрымкі прадпрыемстваў, асабліва малога і сярэдняга бізнесу, вядуцца перамовы з крэдыторамі „па павелічэнні бягучых і вылучэнні новых крэдытных ліній для фінансавання як бягучай дзейнасці, так і інвестыцыйнай”.

Паводле дадзеных Мінэканомікі, ад Сусветнага банка плануецца прыцягнуць каля 100 млн еўра на праграмы па крэдытаванні малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі.

„Для падтрымкі плацежнага балансу пачаты кансультацыі з МВФ аб прыцягненні рэсурсаў у рамках інструмента хуткага фінансавання. Папярэдні аб’ём пазначаны ў памеры 900 млн даляраў ЗША на 2020—2021 гады”, — адзначыў Чарвякоў. Акрамя таго, піша ён, ” прапрацоўваюцца іншыя варыянты прыцягнення незвязанага фінансавання для падтрымкі плацежнага балансу (ЕЗ, Сусветны банк)”.

На думку эканамістаў, аб’ём знешняга фінансавання, які дзяржава будзе прыцягваць, залежыць ад працягласці крызісу, выкліканага каранавірусам. „Калі пандэмія зацягнецца, то гэта будуць не апошнія нашы звароты да крэдытораў у гэтым годзе. Для падтрымкі эканомікі і рэфінансавання даўгоў прыйдзецца звяртацца ў гэтым выпадку і да заходніх, і да ўсходніх крэдытораў”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН старшы аналітык Forex Club Валерый Палхоўскі.

belapan.by