Беларусь застанецца без расейскіх крэдытаў?



Расея бярэ паўзу ў крэдытаванні іншых краін. Пра гэта днямі для СМІ паведаміў намеснік міністра фінансаў Расеі Сяргей Сторчак. Паводле яго, “Расея ва ўмовах бюджэтных абмежаванняў будзе вымушаная ў гэтым годзе ўзяць паўзу ў прадастаўленні новых крэдытаў замежным пазычальнікам, аднак усе раней прынятыя абавязацельствы будуць выкананыя”.

Аглядальнік-міжнароднік Андрэй Фёдараў лічыць, што тое, што Беларусь не атрымае сёлета расейскага крэдыту – цалкам верагодны сцэнар:

Вельмі падобна на тое, хоць я, канешне, не магу з Менска даваць падобныя ацэнкі, што там у іх насамрэч робіцца ў фінансах. Але выглядае на то, што ў Расеі справы зусім нядобрыя і адпаведна дапамагаць іншым ужо становіцца цяжка. Канешне, трэба ўлічваць, што гэтае выказванне зрабіў не кіраўнік дзяржавы і не прэм’ер-міністр,  а так, намеснік міністра фінансаў, тым не менш гэта паказальна.

Беларусь прасіла ў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, які кантралюецца Расеяй, спачатку тры, а потым два мільярды даляраў. Калі гэты крэдыт так і не будзе атрыманы, то Беларусі застаецца спадзявацца толькі на дапамогу Міжнароднага валютнага фонду. Андрэй Фёдараў лічыць, што Лукашэнка ў чарговы раз паабяцае фонду, што правядзе ў краіне неабходныя рэформы, бо без дапамогі звонку ўлады Беларусі наўрад ці знойдуць выйсце:

Лукашэнка гатовы да таго, каб пайсці на патрабаванні МВФ, але я думаю, што будуць спробы нейкім чынам даваць абяцанні, а потым іх не выконваць. Але дакладна, думаю, будуць спробы дамовіцца і паабяцаць нейкія рэформы.

Дадамо, што  валавы знешні доўг Беларусі на канец 2015 году склаў 38,2 млрд даляраў, хоць за 2015 год ён і скараціўся на 4,5%. Сёлета краіне трэба будзе выплаціць па дзярждоўгу каля 3,3 млрд даляраў. У той жа час золатавалютныя рэзервы паа выніках снежня 2015 года скараціліся на 408,2 млн даляраў і, паводле папярэдніх звестак, на 1 студзеня 2016 года склалі каля $4 млрд. Такім чынам, значная частка „залатога запасу” краіны можа пайсці на пагашэнне знешніх пазыкаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.