Беларусь зацікавілася прадукцыяй Луганшчыны?
Прадукцыяй Луганшчыны цікавяцца ў Беларусі. Пра гэта заявіў выконваючы абавязкі міністра прамысловасці Луганскай Народнай Рэспублікі Дзмітрый Божыч. Высокапасадовец непрызнанай рэспублікі запэўніў, што акрамя Беларусі, у гандлёва-прамысловых кантактах з Луганшчынай зацікаўленыя тасама бізнес-колы ў Казахстане і Расейскай Федэрацыі.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Насамрэч, вартай увагі вытворчасці ані ў Луганску, ані ў Луганскай вобласці практычна не засталося. Некаторыя прадпрыемствы разбураныя цалкам, некаторыя – часткова. Значная частка заводаў разрабаваная, іх абсталяванне вывезенае ў Расею. Напрыклад, у Чэбаксары перавезены луганскі машынабудаўнічы завод, у Растоўскую вобласць – луганскі электрамеханічны завод. Усяго ў Расейскую Федэрацыю перавезена больш чым дваццаць луганскіх прадпрыемстваў.
Датаго ж, падчас Антытэрарыстычнай аперацыі моцна пацярпела інфраструктура: электрычныя і газавыя падстанцыі, лініі электраперадач і асабліва транспартныя артэрыі. Напрыклад, цалкам разбураны луганскі аэрапорт.
Сярод нешматлікіх прадпрыемстваў, якія яшчэ працуюць на Луганшчыне – ліцейна-механічны завод. Але ж ацяпляльныя радыятары ўзору 70-х гадоў, якія ён выпускае, наўрадці будуць запатрабаваныя ў Беларусі.
Раней улады непрызнанай ЛНР планавалі наладзіць з нашай краінай рэгулярныя аўтобусныя маршруты. Але з прычыны дэфіцыту бензіну ў непрызнанай рэспубліцы гэтыя планы пакуль нездзяйсняльныя.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота hombiz.ru