Беларусь збіраецца заліць ЗША малаком і алкаголем
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі збіраецца заліць ЗША малаком і алкаголем.
Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення знешне-эканамічнай дзейнасці ведамства Аляксей Багданаў. „Вядома, на амерыканскім рынку ёсць усё, што трэба спажыўцу, але зацікаўленасць у беларускай прадукцыі ўсё ж такі ёсць – гэта тычыцца малочнай прадукцыі, лёну, кандытарскіх вырабаў і алкаголю”, – адзначыў Багданаў. Чыноўнік паведаміў, што дэлегацыя з Беларусі ўжо двойчы пабывала ў Злучаных Штатах і правяла шэраг сустрэч і перамоў, у тым ліку і па пытанні паставак на амерыканскі рынак.
„Асвойваючы рынкі іншых краін, Беларусь не збіраецца губляць пазіцыі на расейскім рынку, які ў плане экспарту прадуктаў харчавання быў і застаецца ў прыярытэце,” – дадаў начальнік галоўнага ўпраўлення знешне-эканамічнай дзейнасці ведамства.
За чатыры месяцы гэтага года Беларусь экспартавала сельска-гаспадарчай прадукцыі на амаль сто мільёнаў даляраў.
Беларускае Радыё Рацыя