Беларусь знізіла экспарт нафтапрадуктаў амаль на 20%



Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у студзені-траўні гэтага года скараціўся на 19,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага. Спецыялісты звязваюць гэта з паступленнем з Расеі „бруднай” нафты, а таксама з ростам попыту на паліва на ўнутраным рынку.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за пяць месяцаў 2019 года Беларусь экспартавала 4.568,2 тыс. тон нафтапрадуктаў. У грашовым выражэнні экспарт нафтапрадуктаў склаў 2,28 млрд долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года ён знізіўся на 19,9%, або на 564,8 млн долараў. У фізічным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў таксама паменшыўся на 19,9%.

У студзені-сакавіку Беларусь штомесяц экспартавала каля мільёна тон нафтапрадуктаў. У красавіку-траўні экспартныя пастаўкі знізіліся. У красавіку ў параўнанні з сакавіком экспарт беларускіх нафтапрадуктаў паменшыўся на чвэрць, да 788,3 тыс. тон, а ў траўні склаў 771,6 тыс. тон.

У красавіку-траўні беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы вымушаныя былі скараціць пастаўкі нафтапрадуктаў на знешнія рынкі з-за паступлення з Расеі так званай бруднай нафты.

Акрамя таго, паводле дадзеных Беларускай нафтавай кампаніі, на скарачэнне экспарту нафтапрадуктаў таксама паўплывала павелічэнне попыту на паліва на ўнутраным рынку.

Сёлета экспарт нафтапрадуктаў можа знізіцца на 1—1,5 млн тон у параўнанні з мінулым годам — пра гэта паведаміў журналістам у канцы чэрвеня віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка. Ён нагадаў, што летась беларускія НПЗ перапрацоўвалі расейскую нафту, а таксама расейскія нафтапрадукты, але з 1 лістапада 2018-га Расея рэзка скараціла іх пастаўкі ў Беларусь.

Віцэ-прэм’ер таксама заявіў, што Беларусь разлічвае замясціць „брудную” нафту, якая паступіла з Расеі па нафтаправодзе „Дружба”, якаснай. „Калі мы атрымаем увесь аб’ём адноўленай нафты з Расеі, то наша доля ў экспарце нафтапрадуктаў захаваецца на ўзроўні мінулых гадоў. Аднак у мінулыя гады даходзілі да мільёна тон нафтапрадукты, якія мы бралі з Расеі на перапрацоўку”, — дадаў Ляшэнка.

Паводле яго слоў, з-за таго, што Расея абмежавала пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь з 1 лістапада 2018 года, „мільён, можа, паўтара мільёна тон” з беларускага экспарту нафтапрадуктаў можа выпасці ў 2019 годзе.

Сваё рашэнне скараціць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь расейскія ўлады патлумачылі тым, што Беларусь займаецца рээкспартам нафтавай прадукцыі пад выглядам нафтахімічнай.

Згодна з міжурадавымі дамоўленасцямі, з 1 лістапада 2018 года Расея пастаўляе Беларусі толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.

У студзені—траўні Беларусь імпартавала з Расеі 35,5 тыс. тон нафтапрадуктаў на суму 19,8 млн долараў. У грашовым выражэнні пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў у студзені—маі знізіліся прыкладна ў 33 разы, у фізічным — у 50 разоў.

belapan.by