Беларусь знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты



Беларусь з 1 красавіка знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 188 ад 31 сакавіка 2020 года, паведамляе прэс-служба ўрада.

Раней прэс-служба Саўміна паведаміла пра павышэнне экспартных пошлін на нафту і ўсе віды нафтапрадуктаў, аднак пасля прызнала сваю памылку і выправіла інфармацыю.

Такім чынам, стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту зніжаная на 22,27% — з 66,9 да 52 долараў за тону.

Пошліна на прамагонны бензін паменшаная на 22,07% — з 36,7 да 28,6 долара за тону.

Пошліна на таварныя бензіны, лёгкія і сярэднія дыстыляты, дызельнае паліва, бензол, талуол, ксілолы, алівы і іншае зніжаная на 22% — з 20 да 15,6 долара за тону.

„Раней стаўкі вывазных мытных пошлін у дачыненні да сырой нафты і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты, змяняліся 1 сакавіка. Тады яны былі таксама зніжаныя”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада.

belapan.by