Беларусь зноў спыніла пастаўкі бензіну ў Расею



Беларусь спыніла пастаўкі бензіну на расейскі рынак, паведамляе расейская газета „Известия” са спасылкай на крыніцы ў расейскім нафтахімічным комплексе. Інфармацыю пра спыненне паставак пацвердзіў беларускі бок, гандлёвая кампанія “Beloil”.

Апошнія пастаўкі расейскім трэйдарам былі ажыццёўлены ў пачатку студзеня.

Як адзначаюць эксперты, зніжэнне беларускага імпарту можа заахвоціць Міністэрства энергетыкі скараціць, у сваю чаргу, квоты на пастаўкі нафты ў Беларусь, а ўвесну ёсць верагоднасць ўзнікнення дэфіцыту бензіну ў РФ.

Пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расею, як правіла, ідуць з Мазырскага НПЗ канцэрна „Белнафтахім”. Крыніца на Мазырскім НПЗ пацвердзіла „Известиям” факт спынення продажаў у Расею, дадаўшы, што „справа ў рэнтабельнасці”.

У студзені-маі 2015 года беларускі бок некалькі разоў спыняў экспарт бензіну ў Расею. У адказ кіраўнік расейскага Міністэрства энергетыкі Аляксандр Новак папярэдзіў беларускіх калег пра верагоднае памяншэнне сустрэчных паставак нафты. Пасля гэтай заявы пастаўкі аднавіліся, але ў мінімальных колькасцях.

Фота: ByMedia.net