Беларусаў абаранілі ад SMS-рассылак і дадатковых паслуг
Пастановай Савета міністраў ад 12 ліпеня № 518 унесеныя змяненні і дапаўненні ў правілы аказання ў Беларусі паслуг электрасувязі, паведаміла прэс-служба ўрада.
Дакумент прыняты „ў мэтах удасканалення заканадаўства ў галіне электрасувязі, павышэння якасці паслуг электрасувязі, аховы правоў грамадзян і арганізацый, якім аказваюцца такія паслугі”, адзначыла прэс-служба.
У прыватнасці правілы аказання паслуг электрасувязі, зацверджаныя пастановай урада ад 17 жніўня 2006 года № 1055, дапоўненыя азначэннем тэрмінаў „рассыланне SMS-паведамленняў” і „ўнікальны код ідэнтыфікацыі”, устаноўленыя ў правілах і раней не вызначаныя ў заканадаўстве. Акрамя таго, удакладнены тэрмін „сістэмы кабельнага тэлебачання”.
У мэтах вызначэння парадку аказання дадатковых паслуг аператарамі электрасувязі, а таксама аховы правоў спажыўцоў прадугледжанае афармленне дадатковых паслуг электрасувязі шляхам заключэння дадатковага пагаднення да дагавора аказання паслуг электрасувязі або шляхам ажыццяўлення абанентам канклюдэнтных дзеянняў, паведамляе прэс-служба.
Правіламі таксама зніжаная колькасць дамашніх гаспадарак са 100 і больш да 50 і больш у населеных пунктах, найменне якіх вызначаецца ў дагаворы аб аказанні ўніверсальных паслуг электрасувязі. Выкарыстанне сучасных тэхналогій шырокапалоснага доступу дазволіць забяспечыць тэхнічную магчымасць давання ў населеных пунктах з колькасцю дамашніх гаспадарак 50 і больш стацыянарнага шырокапалоснага доступу да сеткі інтэрнэт, паслуг тэлебачання па IP-пратаколе.
Акрамя таго, унесенае дапаўненне аб неабходнасці ўказання ў дагаворах параметраў якасці паслуг, што аказваюцца, не ніжэйшых за прадугледжаныя новай рэдакцыяй дадатку да правіл.
„Усталяванне адзіных паказчыкаў якасці паслуг электрасувязі скіраванае на стварэнне ўмоў, пры якіх кантрольныя органы і абанент змогуць ацаніць якасць паслуг, што аказваюцца рознымі кампаніямі. Гэта дазволіць скараціць колькасць зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях адсутнасці норм па забеспячэнні якасці аказаных паслуг, зробіць станоўчы ўплыў на ўсе сферы эканамічнай і іншай дзейнасці, у якіх выкарыстоўваюцца паслугі электрасувязі”, — растлумачылі ва ўрадзе.
Пастанова набудзе моц праз тры месяцы пасля яе афіцыйнага апублікавання.