Беларусаў будуць прывучаць да кітайскай медыцыны
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які скіраваны на папулярызацыю традыцыйнай кітайскай медыцыны сярод беларусаў. Указ №161 накіраваны таксама на “развіццё інавацыйнай і традыцыйнай медыцыны, рэалізацыю праектаў у вобласці фармацэўтыкі, вытворчасці медыцынскіх вырабаў і абсталявання ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень”.
Медыцынскія паслугі, якія аказваюць рэзідэнты парка з прымяненнем палажэнняў указа, уключаныя ў пералік аб’ектаў дабраахвотнага медыцынскага страхавання. Дакументам устанаўліваецца “спрошчаны парадак дзяржаўнай рэгістрацыі біялагічна актыўных дадаткаў да ежы, вырабленых і зарэгістраваных у Кітаі, для абароту на тэрыторыі Беларусі”, піша “Позірк”.
Гарадскі транспарт Шклова і Жодзіна цалкам стане электрычным
“Ёсць адпаведнае даручэнне ўрада, Міністэрства энергетыкі ўдзельнічае ў рэалізацыі гэтых праектаў — увесь гарадскі грамадскі транспарт будзе пераведзены на электратранспарт”, — расказаў намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз.
Задача Міністэрства энергетыкі — выканаць работу па рэканструкцыі электрасетак, каб забяспечыць неабходныя магутнасці для зарадных станцый для электратранспарту. Праекты плануецца рэалізаваць да канца 2026 года.
Дзяржкантроль закрыў крамы “Еўрагандлю” ў Берасці і Пінску
Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю прыпынілі працу дзвюх крамаў кампаніі “Еўрагандаль” у Берасцейскай вобласці. У Берасці закрылі “Еўраопт” па вуліцы Вясёлкавай, у Пінску — “Хіт!Экспрэс”.
У берасцейскай краме, са слоў кантралёраў, былі ўстаноўленыя “абуральныя факты парушэнняў патрабаванняў заканадаўства”. Да прыкладу, у мясным цэху не выконваліся ні тэмпературны рэжым, ні ўмовы захоўвання. Халадзільныя камеры былі бруднымі, а ў асобных камерах захоўвання немагчыма было прайсці. У пінскай краме пытанні ўзніклі да тэмпературнага рэжыму ў гандлёвай зале. Праца крамаў прыпыненая да ліквідацыі парушэнняў. Канфіскавана больш за дзве тысячы кілаграм прадуктаў.
Кватэры ў Варшаве становяцца ўсё больш дарагімі
За май у параўнанні з красавіком толькі ў двух з сямі самых вялікіх польскіх метраполій вырасла цана квадратнага метра жылля ад забудоўшчыкаў. Эксперты адзначаюць, што не зважаючы на тое, што кошт будаўніцтва жылля надалей павялічваецца, сярэдняя цана за квадратны метр у прапанове забудоўшчыкаў перастала расці, а ў бліжэйшыя месяцы можа нават крыху знізіцца. Аднак пры ўмове, што сярод прапаноў будзе дастатковая колькасць найбольш папулярных кватэр.
Але не ўсё так аптымістычна. У параўнанні са снежнем мінулага года, кошт квадратнага метра жылля ў Варшаве істотна вырас. Гаворка ідзе пра новыя кватэры. Паўгода там было ў сярэднім 13,6 тысяч злотых, а цяпер ужо 14,7 тысяч злотых. Вельмі дорага таксама ў Кракаве (у сярэднім 13,5 тысяч злотых за метр) і ў Труймесце (12,8 тысяч злотых). І паводле экспертаў, у найвялікшых гарадах зніжэння кошту новага жылля чакаць не варта.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: kp.ru.