Беларусаў чакаюць дэвальвацыя і інфляцыя



Эканаміст Барыс Жаліба кажа, што курс беларускага рубля будзе залежыць ад сусветных цэнаў на нафту, але інфляцыя і дэвальвацыйныя працэсы працягнуцца.

Цана бараля Brent дасягнула 35 даляраў. Сёння зранку бараль паўночнаморскай нафты таргаваўся па $35,02. Рост цэнаў на нафту пачаўся пасля заявы Ірана пра гатоўнасць замарозіць здабычу.

Падвышэнне цаны на нафту прывяло да ўмацавання беларускага рубля. На таргах у Менску 18 лютага даляр ЗША ўпаў на 298 рублёў да 21 616 беларускіх, а еўра знізіўся на 353 рублі 24 085 беларускіх.

Барыс Жаліба: Ваганні беларускага рубля, безумоўна, залежаць ад коштаў на нафту. Расейскі рубель аператыўна рэагуе на гэта, а разам з ім і беларускі. Хоць у асобныя дні ўмешваюцца ў курсаўтварэнне і мясцовыя фактары на біржы.

РР: Ці працягнуцца ў Беларусі дэвальвацыйныя працэсы?

Барыс Жаліба: Я мяркую, што агульны працэс працягнецца, а, калі нацыянальная валюта і будзе ўмацоўвацца, то гэта лакальныя з’явы. Генеральны трэнд будзе ранейшы – на дэвальвацыю. Дынаміка ўмацавання назіраецца тады, калі павышаюцца цэны на нафту, але аналітыкі прагназуюць, што цэны на яе будуць вагацца ў межах 30-40 даляраў за барэль. Таму вялікага ўмацавання рубля чакаць не даводзіцца. Па песімістычных прагнозах, да канца году даляр можа каштаваць каля 30 тысяч рублёў. Гэта абсалютна рэальна. Зрэшты, можа нешта змяніцца і ў лепшы бок, калі краіны АПЕК дамовяцца паміж сабой і вызначацца з квотамі здабычы нафты. Тады рубель можа так глыбока не абваліцца, а спыніцца на ўзроўні 25 тысяч за даляр.

РР: У сувязі з гэтым інфляцыйныя працэсы таксама працягнуцца?

Барыс Жаліба: Безумоўна. Інфляцыя – спадарожнік дэвальвацыі. Кошты будуць расці спачатку на імпарт, а пасля і на ўсю астатнюю прадукцыю. У першую чаргу будуць даражэць тыя тавары, у якіх ёсць імпартны складнік.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота camarade.biz