Беларусаў вымушаюць шукаць працу за мяжой



За апошнія чатыры гады на прадпрыемствах рэспублікі колькасць занятых знізілася на 200 тысяч.

«І гэта выклік у найноўшай гісторыі Беларусі, які нельга абмінуць», – кажа лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:

— Нас, вядома, уражвае пазіцыя афіцыйных уладаў, бо відавочна, што скарачэнні будуць працягвацца. Вы напэўна ведаеце, што Еўразійскі банк сказаў, што ў нас лішак працоўная сілі на прадпрыемствах каля 20%, і я падзяляю гэтае меркаванне. Скарачэнні непазбежныя, бо інакш немагчыма аднавіць канкурэнтаздольнасць і эфектыўнасць эканомікі.  

Улады Беларусі ідуць на гэтыя скарачэнні, аднак не вырашаюць іншага пытання: не ствараюць перадумоваў для новых працоўных месцаў, — кажа прафсаюзны лідар:

— А што гэта за перадумовы? Відавочна, гэта лібералізацыя эканомікі, развіццё малога і сярэдняга бізнесу — усе тыя захады, якіх не хоча ажыццяўляць беларуская ўладаю Мы ведаем, што яны нават умудрыліся прыняць праграму занятасці на 2016-2020 год і яна так і не з’явілася на свет, бо была засакрэчаная.

Адзінае, што вядома, што праграма прадугледжвае стварэнне штогод па 50 тысяч новых працоўных месцаў. «Але за гэтым нічога не стаіць і не будзе адбывацца», – упэўнены Аляксандр Ярашук. На яго думку, улады падштурхоўваюць людзей шукаць працу па-за межамі Беларусі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя