„Беларусбанк” павышае камісію для фізічных асоб пры аперацыях з карткамі
ААТ „ААБ „Беларусбанк” павялічвае памер камісіі для фізічных асоб пры аперацыях з банкаўскімі карткамі.
Так, з 1 жніўня за зняцце наяўных грашовых сродкаў у банкаматах іншых банкаў (без уліку ўзнагароджання гэтых банкаў) камісія ўсталёўваецца ў 2,5% ад сумы; за залічэнне на рахункі фізічных асоб безнаяўных грашовых сродкаў у замежнай валюце — 1,5% ад сумы валюты здзелкі ў эквіваленце беларускімі рублямі; за безнаяўны плацеж па рэквізітах, названых трымальнікам карткі, у каналах дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання — 0,75 беларускага рубля за кожны плацеж.
За прагляд балансу (даступнай рэшты) па картцы ў прыладах іншых банкаў-рэзідэнтаў камісія за адну аперацыю складзе 1 беларускі рубель, 0,5 адзінкі валюты, 35 расійскіх рублёў, у прыладах банкаў-нерэзідэнтаў — адпаведна 1,5 беларускага рубля, 0,8 адзінкі валюты, 45 расійскіх рублёў.
Акрамя таго, змененыя памеры ўзнагароджання банка за абслугоўванне картак, перавыпуск у выпадку страты, выраб дублікатаў, блакаванне міжнародных картак, за карыстанне паслугай SMS-апавяшчэння і іншымі па рахунках, адкрытых у замежнай валюце.
ААТ „ААБ „Беларусбанк” — найбуйнейшы беларускі камерцыйны банк. Доля дзяржавы ў статутным фондзе складае 98,761%. У 2018 годзе прыбытак „Беларусбанка” вырас удвая і склаў 341 млн рублёў.