„Беларусбанк” плануе пазычыць у насельніцтва 50 млн долараў
„Беларусбанк” ажыццявіў два новыя выпускі валютных аблігацый для фізічных асоб і мае намер прыцягнуць у насельніцтва 50 млн долараў.
У паведамленні банка гаворыцца, што намінал адной аблігацыі 228-га выпуску складае 1.000 долараў, аб’ём эмісіі — 30 тыс. аблігацый. Дзякуючы іх размяшчэнню „Беларусбанк” плануе прыцягнуць ў фізічных асоб 30 млн долараў.
Намінальны кошт адной аблігацыі 229-га выпуску — 5.000 долараў. Такіх аблігацый дзяржбанк выпусціў 4.000 і плануе прыцягнуць за кошт іх размяшчэння 20 млн долараў.
Каштоўныя паперы будуць знаходзіцца ў абарачэнні да лістапада 2022 года, дата пачатку пагашэння — 30 лістапада 2022 года. У перыяд абарачэння аблігацый банк плануе чатыры разы (штогод) выплачваць працэнтны даход трымальнікам.
У праспекце эмісіі каштоўных папер гаворыцца, што на працягу першых двух працэнтных перыядаў працэнтная стаўка будзе заставацца фіксаванай (3,15% гадавых), на працягу трэцяга і чацвёртага працэнтных перыядаў — у памеры ключавой стаўкі Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША па стане на дату пачатку адпаведнага працэнтнага перыяду, павялічанай на 0,8 працэнтнага пункта, але не ніжэй за 3,15% гадавых.
Прыцягнуць фінансы насельніцтва „Беларусбанк” плануе для павелічэння ўласнай рэсурснай базы.
У снежні „Беларусбанк”, які з’яўляецца найбуйнейшым банкам краіны, выпусціў валютныя інтэрнэт-аблігацыі і планаваў такім чынам пазычыць у насельніцтва 40 млн долараў. Стаўка па валютных інтэрнэт-аблігацыях ўстаноўленая на ўзроўні 3,2% гадавых, тэрмін іх абарачэння — чатыры гады.
Варта адзначыць, што 19 снежня 2018 года Нацыянальны банк прыняў рашэнне аб забароне выпуску з 1 сакавіка 2019 года карпаратыўных валютных аблігацый. Гэтае рашэнне прынятае ў мэтах дэдаларызацыі эканомікі.
Разам з тым эксперты звяртаюць увагу, што з 1 сакавіка права выпуску валютных аблігацый захаваецца за Мінфінам і Нацбанкам.”У нас цяпер збіраюцца цалкам забараніць карпаратыўныя валютныя аблігацыі, але пакінуць права іх эмісіі Мінфіну і Нацбанку. Гэта выглядае як манаполія дзяржавы на ўнутраныя валютныя запазычанні”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар інвестыцыйнай кампаніі „Волат Капітал” Сяргей Муханаў.
Фота pasprofit.ru