«Беларусбанк» уводзіць меры па падтрымцы крэдытаатрымальнікаў



„Беларусбанк” аб’явіў аб пашырэнні мер па зніжэнню крэдытнай нагрузкі на кліентаў. Раней банк прыняў рашэнне да канца года зафіксаваць працэнтныя стаўкі па аформленых да 1 сакавіка крэдытах на фінансаванне нерухомасці.

Цяпер можна аформіць адтэрміноўку да 6 месяцаў па пагашэнні асноўнага доўгу па спажывецкіх крэдытах і па крэдытах на нерухомасць. Пры гэтым улічваюцца ўмовы кожнага крэдытнага прадукта. Тэрмін пагашэння крэдыту павялічыцца на 12 месяцаў. Таксама на 12 месяцаў можна падоўжыць тэрмін пагашэння авердрафтнага крэдыту, па якім спынена прадастаўленне крэдыту.

Прапанаваныя меры не датычацца крэдытаў, якія прадастаўлены з дзяржпадтрымкай, і спажывецкіх крэдытаў з прыняццем у якасці забеспячэння страхавання рызыкі невяртання крэдыту.

Таксама не будуць прымяняцца штрафы, прадугледжаныя крэдытнымі дагаворамі і дагаворамі забеспячэння па падставах, якія ўзніклі да 31 снежня 2022 года. Выключэнне складаюць штрафы, звязаныя з наяўнасцю пратэрмінаванай запазычанасці.