„Беларусбанк” выдаў крэдыт на будаўніцтва завода ў Мёрах
„Беларусбанк” заключыў крэдытныя дагаворы на агульную суму 106,2 млн еўра за кошт рэсурсаў нямецкага банка AKA Ausfuhrkredit-Gesellschaft mbH на будаўніцтва Мёрскага металапракатнага завода (Віцебская вобласць). Агульны кошт праекта складае 300 млн еўра, паведаміла прэс-служба „Беларусбанка” па выніках удзелу кіраўнікоў банка ў прэзентацыі праекта будаўніцтва завода.
„Наш удзел у крэдытаванні гэтага праекта накіраваны на павышэнне інвестыцыйнага іміджу банка як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Для фінансавання праекта прыцягваліся рэсурсы замежных банкаў — нашых традыцыйных партнёраў”, — адзначыў старшыня праўлення „Беларусбанка” Віктар Ананіч.
Паводле яго слоў, асноўнай асаблівасцю дадзенага праекта з’яўляецца ўзвядзенне яго з „нуля”, так званае праектнае фінансаванне. „Па змесце, маштабах і схемах рэалізацыі аб’ект беспрэцэдэнтны. У цэлым гэта выдатны прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў бізнэсе”, — сказаў Ананіч.
„Унікальнасць праекта і яго канкурэнтная перавага заключаюцца ў тэхналогіі і ноу-хау вядучага сусветнага вытворцы металургічнага абсталявання SMS group GmbH, якія дазволяць Мёрскаму металапракатнаму заводу выпускаць белую бляху таўшчынёй да 0,1 мм”, — паведаміў старшыня савета дырэктараў ТАА „ММПЗ-груп” Аляксей Кавалёнак.
Завод разлічаны на вытворчасць белай бляхі і халоднакатанага пракату (ліста) магутнасцю 150.000/240.000 тон у год.
Увод у эксплуатацыю і атрыманне першага рулона халоднакатанага пракату намечаны на канец 2018 года, пачатак вытворчасці белай бляхі — на першае паўгоддзе 2019 года.
Найбольшая спажыванне белай бляхі прыпадае на кансервавую прамысловасць, таксама з белай бляхі вырабляюць аэразольныя балоны, тару для лакафарбавых матэрыялаў і нафтахімічных прадуктаў.
Асноўныя вобласці прымянення халоднакатанага пракату: машынабудаванне, суднабудаванне, прыборабудаванне, будаўніцтва.
Як адзначаюць у „Беларусбанку”, праект мае высокую сацыяльную значнасць, прадугледжвае стварэнне не менш як 466 працоўных месцаў, развіццё інфраструктуры раёна, у прыватнасці будаўніцтва аб’ектаў жылой забудовы для працаўнікоў завода, садзейнічанне рэалізацыі прыярытэтных нацыянальных і рэгіянальных праграм.