„Беларусбанк” за два гады падвоіў прыбытак
„Беларусбанк”, найбуйнейшы банк у краіне, па выніках 2018 года атрымаў 342 млн рублёў прыбытку, гаворыцца ў паведамленні фінансава-крэдытнай установы.
Для параўнання, у 2016 годзе прыбытак дзяржбанка складаў 154,8 млн рублёў, у 2017-м — 172,3 млн. Такім чынам, за два гады яго прыбытак практычна падвоіўся.
Вынікі дзейнасці банка падведзеныя на пашыраным пасяджэнні праўлення. Адзначана, што летась удалося забяспечыць выкананне ўсіх паказчыкаў стратэгіі да 2020 года.
„Для нашага банка мінулы год склаўся досыць паспяхова… Удвая павялічыліся такія важныя ацэначныя паказчыкі, як рэнтабельнасць дзейнасці, рэнтабельнасць капіталу, рэнтабельнасць актываў”, — канстатаваў старшыня праўлення „Беларусбанка” Віктар Ананіч, выступаючы на пасяджэнні.
Паводле яго слоў, дасягненню высокіх паказчыкаў спрыяла рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў, у тым ліку „аптымізацыя бізнес-працэсаў, актыўная праца па развіцці паслуг і сэрвісаў дыстанцыйнага абслугоўвання кліентаў”.
Доля „Беларусбанка”, гаворыцца ў паведамленні, на пачатку гэтага года на рынку прыцягнення сродкаў юрыдычных асоб склала 42,1%, фізічных — 45%, на рынку крэдытавання карпаратыўнага сектара — 43,3%, на рынку спажывецкага крэдытавання — 18,7%.
Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings у снежні 2018 года пацвердзіла доўгатэрміновы і кароткатэрміновы крэдытныя рэйтынгі „Беларусбанка” на ўзроўні В/В. Пры гэтым агенцтва прагназавала павелічэнне прыбытковасці дзяржбанка па выніках 2018 года. „Мы чакаем, што ў сувязі з некаторым паляпшэннем асноўных макраэканамічных паказчыкаў аб’ём выдаткаў на фарміраванне рэзерваў „Беларусбанка” стабілізуецца і гэта абумовіць павышэнне паказчыкаў прыбытковасці”, — меркавала рэйтынгавае агенцтва.
Разам з тым аналітыкі агенцтва адзначылі, што крэдытны партфель „Беларусбанка” па-ранейшаму характарызуецца „высокай ступенню геаграфічнай канцэнтрацыі”. „Гэта абумоўлена галоўным чынам тым, што „Беларусбанк” знаходзіцца пад уплывам высокіх краінавых рызыкаў, а таксама яго залежнасцю ад рэгулярнай падтрымкі з боку дзяржавы”, — паведамілі ў S&P Global Ratings.
Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва звярнулі ўвагу, што значны аб’ём крэдытаў „Беларусбанк” выдаў пад гарантыі ўрада. „Мы лічым, што крэдытная якасць банка ў некаторай ступені падтрымліваецца даваннем дзяржаўных гарантый па крэдытах, якія складаюць больш за 15% крэдытнага партфеля”, — адзначылі яны.