Беларусі давядзецца падвышаць пенсійны ўзрост



З абгрунтаваннем патрэбы пенсійнай рэформы ў Беларусі выступіў на Міжнародным фінансава-банкаўскім форуме дзяржаў СНД незалежны эксперт Рыгор Марчанка, які раней доўгі час узначальваў Нацыянальны банк Казахстана.

У сваім выступе Марчанка прывёў некалькі лічбаў. Нагрузка на выплату дапамог-пенсіяў пенсіянерам у Беларусі складае 10% ВУП. У Казахстане — 3%, у Азербайджане — 5%, і гэта пры тым, што сёння пенсія ў азербайджанцаў па сваіх памерах аднолькавая з пенсіямі ў Беларусі. Калі глядзець на структуру насельніцтва, то ў Казахстане пенсіянеры складаюць 11% ад усяго насельніцтва, у Азербайджане — 14, а ў Беларусі — 24.

«І таму нагрузка на бюджэт становіцца мацнейшай і мацнейшай», — лічыць Рыгор Марчанка. Выхад з гэтай сітуацыі можа быць толькі адзін — падняць пенсійны ўзрост.

Спадар Марчанка выказаў ідэю, што пры падвышэнні пенсійнага ўзросту трэба падвышаць планку выхаду на пенсію найперш для жанчын, а не мужчын. Сваё меркаванне ён абгрунтаваў так: жанчыны жывуць болей, чым мужчыны, а на пенсію выходзяць маладзейшымі, і таму без аднолькавых умоваў выхаду на пенсію не абысціся. Да таго ж былы старшыня Нацбанка Казахстана зазначыў, што калі паглядзець на склад пенсійнага насельніцтва ў гендэрным разрэзе, то ў Беларусі 71% ад усіх пенсіянераў складаюць жанчыны, а ў Казахстане — толькі 55%. Гэта тлумачыцца тым, што ў Казахстане меншы, чым у Беларусі, разрыў у выхадзе на пенсію паміж жанчынамі і мужчынамі. На думку Рыгора Марчанкі, краінам СНД трэба прыйсці ў гэтым пытанні да агульнага падыходу, бо немагчыма стварыць адзіны рынак працы, калі ў розных краінах, як цяпер, выхад на пенсію рознаўзроставы, перадае радыё „Свабода”.