Беларуска-германскі энергетычны форум пройдзе 8 кастрычніка ў Менску



VI Беларуска-германскі энергетычны форум пройдзе 8 кастрычніка ў Менску, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі Беларусі.

Эксперты абмяркуюць пытанні лічбавай трансфармацыі энергетыкі, сеткавай інфраструктуры, устойлівага гарадскога энергазабеспячэння і экалогіі, стварэння і развіцця „разумных гарадоў”, павышэння энергаэфектыўнасці, развіцця аднаўляльнай энергетыкі.

Праграмай форуму запланаваны панэльныя дыскусіі „Новая энергетычная палітыка ў гарадах”, „Тэхналогіі назапашвання энергіі і зліццё сектараў”, „Дыгіталізацыя і кіраванне сеткамі”, „Магчымасці фінансавання праектаў у сферы аднаўляльных крыніц энергіі і энергаэфектыўнасці”.

„Форум накіраваны на ўмацаванне ўзаемавыгаднага і доўгатэрміновага супрацоўніцтва беларускіх прадпрыемстваў і нямецкіх кампаній, ўкараненне найноўшых тэхналогій, асваенне вытворчасці інавацыйнай прадукцыі і прыцягненне ў Беларусь замежных інвестыцый”, – адзначылі ў прэс-службе.

zviazda.by