Беларуска-польскае эканамічнае супрацоўніцтва ў лічбах



На сённяшні дзень Польшча з’яўляецца шостым партнёрам Беларусі па таваразвароту. Паводле статыстычных дадзеных, па выніках сямі месяцаў 2014 года, аб’ём беларуска-польскага таваразвароту наблізіўся да адзнакі ў 1,5 мільярда даляраў ЗША (112,4% да студзеня-ліпеня 2013 года). Беларускі экспарт у Польшчу склаў каля 600 мільёнаў даляраў (123,1%), імпарт з Польшчы – 900 мільёнаў даляраў (104,8%).

У аб’ёме экспарту пераважае прадукцыя хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, дрэваапрацоўкі, у тым ліку мэбля і металапрадукцыя.

У Польшчы зарэгістравана 17 прадстаўніцтваў, даччыных кампаній, суб’ектаў тавараправоднай сеткі і дылераў беларускіх прадпрыемстваў (у тым ліку, канцэрна “Белнафтахім”, МАЗа, БелАЗа, МТЗ, Беларускай калійнай кампаніі, нацыянальнай авіякампаніі “Белавія”, Беларускай чыгункі). У Беларусі ж дзейнічае звыш 350 прадпрыемстваў з польскім капіталам.

У першым паўгоддзі 2014 года польскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі склалі 98,7 мільёнаў даляраў. Паводле вынікаў паўгоддзя, Польшча з’яўляецца дзясятым інвестарам у эканоміку Беларусі (пасля Расеі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Кіпра, Аўстрыі, Нямеччыны, Літвы, Латвіі і Швайцарыі).

Сёлета рэалізаваны беларуска-польскі інвестпраект будаўніцтва другой чаргі гатэля “Вікторыя” (40 мільёнаў еўра). Ініцыяваныя інвестыцыйныя праекты на суму каля 200 мільёнаў даляраў, у тым ліку ў сферах будаўніцтва, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, фармацэўтыкі і банкаўскай сферы.

Гэтую інфармацыю нам прадаставіў саветнік-пасланнік, кіраўнік гандлёва-эканамічнай службы Пасольства Беларусі ў Польшчы Ігар Сякрэта, які прыводзіць канкрэтныя прыклады пазітыўнага супрацоўніцтва.

Так, у траўні гэтага года было падпісана пагадненне пра стварэнне на тэрыторыі Польшчы сумеснага прадпрыемства з удзелам ААТ “МАЗ” і польскай кампаніі Glaspo Motors па зборцы ў Польшчы грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў з машынакамплектаў беларускага аўтавытворцы. Праектная здольнасць прадпрыемства на першым этапе – 2 аўтамабілі ў дзень. Glaspo Motors з моманту ўстанаўлення партнёрскіх кантактаў, рэалізавала толькі ў 2014 годзе на польскім рынку каля 100 пасажырскіх аўтобусаў маркі „МАЗ”.

Ігар Сякрэта адзначыў, што з 19 па 23 верасня ў г.Беднары (каля Познані) адбудзецца міжнародная выстава „AGRO Show 2014”, падчас якой будзе прадстаўлена тэхніка Менскага трактарнага завода (МТЗ), які ў мэтах развіцця продажы тэхнікі ў ліпені гэтага года адкрыў у горадзе Саколка Падляшскага ваяводства сваю фірму „MTZ Belarus Traktor” са 100-працэнтным капіталам. На сённяшні дзень фірма актыўна займаецца пошукам дылераў і партнёраў для арганізацыі сэрвіснага абслугоўвання трактараў маркі МТЗ у Польшчы.

Цяпер ідзе падрыхтоўка да беларуска-польскага эканамічнага форума “Добрасуседства”, які 1-2 кастрычніка адбудзецца ў Берасці, а таксама да пасяджэння Сумеснай Беларуска-Польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, правядзенне якой плануецца ў чацьвёртым квартале 2014 года ў Варшаве.

Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя