Беларуска-польскі бізнес-форум пройдзе 24 кастрычніка ў Варшаве



Пасяджэнне сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве адбудзецца 23—24 кастрычніка ў Варшаве, паведамляе Беларуская гандлёва-прамысловая палата.

У яго рамках 24 кастрычніка ў польскай сталіцы адбудзецца сумесны бізнес-форум. „У ходзе бізнес-форуму будуць абмеркаваны перспектывы беларуска-польскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, пытанні развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва. Беларускія ўдзельнікі атрымаюць магчымасць выступіць з прэзентацыямі прадпрыемстваў і арганізацый, прадукцыі і паслуг, а таксама правесці двухбаковыя перамовы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Польшчы”, — адзначылі ў БелГПП.

Падрыхтоўку да мерапрыемстваў абмеркавалі на сустрэчы 17 жніўня старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч і пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Як паведамляе прэс-служба верхняй палаты, у сумесным пасяджэнні і бізнес-форуме запланаваны ўдзел Мясніковіча.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што тавараабарот паміж краінамі ў 2017 годзе склаў каля 2,4 млрд даляраў, што на 21% больш у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года. „У студзені—траўні 2018 года станоўчая дынаміка захоўваецца: аб’ём узаемнага гандлю вырас на 12% да аналагічнага перыяду 2017 года. Гэта сведчыць аб тым, што нашы адносіны не згасаюць, а развіваюцца”, — адзначыў Мясніковіч. У той жа час краіны маглі б больш актыўна супрацоўнічаць у інвестыцыйнай сферы, ствараць сумесныя кампаніі і вытворчасці, а не толькі гандляваць паміж сабой, дадаў ён.

Падчас перамоў былі закрануты пытанні, якія тычацца польскай дыяспары ў Беларусі і беларускай у Польшчы, узаемадзеяння беларускай праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.

belapan.by