У Варшаве пройдзе беларуска-польскі бізнес-форум



Беларуска-польскі бізнес-форум пройдзе 26 лістапада ў Варшаве, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Нацыянальнага цэнтра маркетынгу і кан’юнктуры цэн МЗС Беларусі.

Мерапрыемства адбудзецца ў межах работы сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічнай супрацы пад старшынствам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Уладзіміра Калтовіча і міністра прадпрымальніцтва і тэхналогій Польшчы Ядвігі Эмілевіч.

Польскі бок будзе прадстаўлены Міністэрствам прадпрымальніцтва і тэхналогій, Польскім агенцтвам па інвестыцыях і гандлі, зацікаўленымі прадпрыемствамі.

Сярод беларускіх прадпрыемстваў удзел у форуме возьмуць МАЗ, MTZ Belarus traktor sp. Z O.O., „БНХ-Ойл Польска”, ДУ „Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны „Брэст”, кіруючая кампанія холдынгу „Белкамунмаш”, Саюз птушкагадоўцаў „Белптушкасаюз”, ААТ „БПС-Ашчадбанк”, Інстытут прыкладных праграмных сістэм і іншыя.

„Асноўнай мэтай форуму з’яўляецца вызначэнне новых перспектыўных напрамкаў двухбаковага гандлю, якія змогуць паспрыяць паляпшэнню паказчыкаў гандлёва-эканамічнай супрацы абедзвюх краін, а таксама ўстанаўленне новых кантактаў з польскімі партнёрамі”, — адзначылі ў цэнтры.

Праграмай бізнес-форуму прадугледжаная прэзентацыя інвестыцыйных і экспартных магчымасцяў Беларусі, а таксама правядзенне перамоваў з польскімі партнёрамі па пытаннях паглыблення супрацы ў сферах харчовай прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, турызму, IT.

Завершыцца мерапрыемства перамовамі паміж беларускімі і польскімі дзелавымі коламі ў фармаце В2В.

Бізнес-форум пройдзе пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Польшчы. Нацыянальны цэнтр маркетынгу Міністэрства замежных спраў Беларусі выступае арганізатарам форуму.

БелаПАН