Беларускае мяса адправіцца і ў Кітай
Першы кантэйнерны цягнік з беларускім мясам плануецца адправіць у Кітай у лістападзе, паведаміў генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства „Белінтэртранс – транспартна-лагістычны цэнтр” Андрэй Сладкевіч 30 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„Прапрацоўваецца праект – адпраўка першага цягніка ў лістападзе ў Кітай сумесна з „Мяса-малочнай кампаніяй”. Дастаткова амбіцыйныя планы, і гэта прадукт, які хутка псуецца, таму патрабуе спецыяльных рэфрыжэратарных кантэйнераў. Тут трэба арганізаваць „першую мілю” – дастаўку мяса з прадпрыемстваў, кансалідацыю грузу ў кантэйнерным тэрмінале ў Калядзічах і „апошнюю мілю” да аптовага пакупніка ў Кітаі», – адзначыў Сладкевіч.
Ён адзначыў, што з пачатку года ў Кітай ужо адправілі шэсць цягнікоў з 41 кантэйнера кожны з сухім малаком і сыроваткай. Праект пачаўся з канца 2018 года, усяго было адпраўлена 10 цягнікоў. „Мы плануем да канца бягучага года выйсці на штомесячную адпраўку кантэйнерных цягнікоў з малочнай прадукцыяй у Кітай”, – заўважыў ён.
„Дастаткова складаная перавозка, сама арганізацыя. Ніводная малочная кампанія не зможа назбіраць грузу на 41 кантэйнер. Мы працуем праз „Мяса-малочную кампанію” мінімум з дзесяццю заводамі і ў першую чаргу мы арганізоўваем дастаўку прадукцыі на тэрмінал „Калядзічы”. І збіраем цягнік не менш за 10 дзён.
Як паведаміў начальнік службы грузаў і знешнеэканамічнай дзейнасці ўпраўлення Беларускай чыгункі Аляксандр Неўмяржыцкі, аб’ём перавозкі грузаў у кантэйнерах за восем месяцаў у зносінах Усход – Захад – Усход праз беларуска-польскія пераходы склаў 250,5 тыс. кантэйнераў у ДФЭ (дваццаціфунтавым эквіваленце), або на 5% больш, чым за аналагічны леташні перыяд.
Абʼём перавозкі грузаў па БЧ у зносінах Кітай – Еўропа – Кітай склаў 207,7 тыс. кантэйнераў у ДФЭ, або на 4,7% больш, чым у аналагічным перыядзе 2018 года.
Ён таксама адзначыў, што 30 жніўня БЧ завяршыла мадэрнізацыю кантэйнернага тэрмінала станцыі Брэст-Паўночны, у які было ўкладзена 10 млн долараў. „Праект зʼяўляецца адным са стратэгічных у сферы развіцця тэрмінальнай інфраструктуры з улікам росту абʼёмаў перавозак і адкрывае новыя перспектывы развіцця перавозак у зносінах Усход – Захад – Усход”, – падкрэсліў Неўмяржыцкі.
Паводле яго слоў, у межах рэалізацыі праекта праведзеныя работы па пераўладкаванні чыгуначных пуцей, павелічэнні франтоў перагрузу і захоўвання кантэйнераў, устаноўленыя сучасныя краны і высокапрадукцыйныя грузападʼёмныя машыны. Сярэднясутачная перапрацоўчая здольнасць павялічаная ў 1,5 разу, плошчы захоўвання – у два разы.
„Гэты праект дазваляе стварыць у Берасце хаб па працы з кантэйнерамі і выбудаваць тэхналогію па фармаванні цягнікоў у кірунку Заходняй Еўропы”, – сказаў на заканчэнне начальнік службы.