Беларускае рачное параходства б’е трывогу
Беларускае рачное параходства б’е трывогу. На Берасцейшчыне і Гомельшчыне ўзровень вады ў рэках апусціўся ніжэй за небяспечную адзнаку для суднаходства. Калі сітуацыя не зменіцца, то неўзабаве перавозкі грузаў у напрамку Мікашэвічы-Мазыр, Мікашэвічы-Пінск будуць прыпыненыя.
Зараз ужо баржы загружаюць на палову, адзначае супрацоўнік прадпрыемства “Дняпроўска-Бугскі водны шлях” Андрэй Мацкевіч:
– Зараз праблемы з загрузкай. Судны ідуць з загрузкай 45% ад максімальнай грузападымальнасці. Пакуль ніякіх суцяшальных прагнозаў я не бачу. Дажджу не прадбачыцца ў бліжэйшы тыдзень. Вадзе няма адкуль брацца.
У 2015 годзе узровень вады ў беларускіх рэках панізіўся да гістарычнага мінімуму. На Палессі тады склалася катастрафічная сітуацыя – Піна, Прыпяць і Ясельда сталі несуднаходнымі, спыніліся паромы, месцамі знікла рыба і расліннасць. Беларускія рачнікі спадзяюцца, што сёлета да такога не дойдзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота logists.by