Беларускай авіяцыі даручана зніжаць сабекошт паслуг
Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак вызначыў задачай на 2016 год для авіяцыйнай галіны зніжэнне сабекошту паслуг, паведамілі ў прэс-службе міністэрства.
„Галоўная задача для авіяцыйнай падгаліны на 2016 год —зніжэнне сабекошту. Нягледзячы на тое, што вынікі арганізацый грамадзянскай авіяцыі маюць дадатную дынаміку: растуць паказчыкі па грузаабароце і пасажыраабароце, расце інвестыцыйная дзейнасць, трэба ўлічваць, што гэта адбываецца на фоне сур’ёзнай падтрымкі дзяржавы”, — працытавалі ў прэс-службе кіраўніка ведамства.
Анатоль Сівак здавальняюча ацаніў работу арганізацый грамадзянскай авіяцыі ў 2015 годзе і абазначыў пытанні, што патрабуюць больш пільнай увагі. У прыватнасці, міністр паставіў задачу прадоўжыць работу на працягу 2016 года па ўдасканаленні нарматыўнай базы і кантрольнай дзейнасці. На яго думку, на новы ўзровень неабходна вывесці працэдуры па сертыфікацыі — яны павінны адпавядаць лепшым міжнародным практыкам.
У лік прыярытэтных праектаў бягучага года ўваходзіць закупка трох паветраных суднаў Boeing 737/800 для парку ААТ „Авіякомпанія „Белавія”. Для павышэння транзітнай прывабнасці Нацыянальнага аэрапорта Мінск прапануецца ўкараненне інфармацыйных тэхналогій па электронным дакументаабароце ў авіяцыйных грузавых перавозках.
Таксама ў бягучым годзе плануецца завяршыць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі і выконваць падрыхтоўчыя работы па будаўніцтве ў Нацыянальным аэрапорце Мінск другой узлётна-пасадачнай паласы, якая зможа прымаць самалёты А380.
Плануецца прадоўжыць рэалізацыю праекта па будаўніцтве авіярамонтнага завода на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск згодна з планамі фінансавання.