„Беларуськалій” не выконвае план з-за забастоўкі



З-за „італьянскай забастоўкі” на першым рудаўпраўленні ААТ „Беларуськалій” у жніўні не выкананы план выдачы руды і гатовай прадукцыі, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар страйкаму прадпрыемства Глеб Сандрас.

Паводле яго інфармацыі, за жнівень сумарны мінус па рудзе, выдадзенай на-гара, склаў 205.644 тоны (17% плана), па выпуску ўгнаенняў — 48.697 (18%). „У выніку многія інжынерна-тэхнічныя работнікі першага рудаўпраўлення былі пазбаўленыя прэміі за жнівень. План на наступныя месяцы павялічаны і, хутчэй за ўсё, у гадавым вылічэнні будзе выкананы. Але наўрад ці гэта добра адаб’ецца на горна-шахтавым абсталяванні. У любым выпадку эканамічныя наступствы „італьянкі” ў наяўнасці”, — адзначыў Сандрас.

Ён нагадаў, што 11 верасня Менскі абласны суд прызнаў страйк у ААТ „Беларуськалій” незаконным. Прадстаўнік істца сцвярджаў, што 17 жніўня на працу не выйшла 120 супрацоўнікаў, а 18-га — 671. „Тым самым наймальнік прызнаў факт забастоўкі на прадпрыемстве, няхай яна і была двухдзённай”, — адзначыў суразмоўца.

„На гэты момант большасць работнікаў вярнулася да выканання працоўных абавязкаў, а прадстаўнікі страйкама таварыства, якіх крыху больш за 20, актыўна пераследуюцца сілавымі структурамі. Некаторыя з іх ужо звольненыя. Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара, аб’ёмы вытворчасці, якія „Беларуськалій” недаатрымаў у жніўні, былі перанесеныя на верасень без шкоды для прадпрыемства”, — заявіў Сандрас.

Паводле яго слоў, з 19 жніўня большасць рудаўпраўленняў працуюць у штатным рэжыме, а трэцяе і чацвёртае — з перавыкананнем плана. „Але некаторыя работнікі руднікоў 1-га і 2-га рудаўпраўленняў вырашылі ўсё ж дзейнічаць па італьянскім сцэнары. Гэта форма пратэсту, калі праца выконваецца строга ў адпаведнасці з правіламі аховы працы і тэхнікі бяспекі, што моцна затарможвае вытворчы працэс”, — растлумачыў прэс-сакратар.

У сваю чаргу пракурор Менскай вобласці Сяргей Хмарук пракаментаваў рашэнне Менскага абласнога суда аб прызнанні страйку на „Беларуськаліі” незаконным. Паводле яго слоў, абласная пракуратура ўстанаўлівае цяпер, „якія негатыўныя эканамічныя наступствы пацягнуў незаконны страйк для ААТ, высвятляе памер нанесенай шкоды”. „У тым выпадку, калі ў выніку незаконнай забастоўкі наймальніку нанесеная шкода, пры захаванні ўмоў, усталяваных працоўным заканадаўствам, работнік можа быць прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці”, — растлумачыў Хмарук у тэлеграм-канале Генпракуратуры.

Паводле атрыманай інфармацыі, 17 і 18 жніўня з-за прыпынення выпуску калійных угнаенняў планавыя паказчыкі вытворчасці знізіліся на 47,6%.

„Па выніках праверкі пракуратура прыме меры да кампенсацыі шкоды, для чаго сярод іншага разгледзіць пытанне аб выстаўленні ў інтарэсах ААТ „Беларуськалій” адпаведнага іску”, — паведаміў пракурор.

Ён адзначыў, што тыя, хто „стварае перашкоды для выканання працоўных абавязкаў работнікам, якія не ўдзельнічаюць у страйку, а таксама тыя, хто шляхам гвалту або пагрозы прымянення гвалту прымушае да ўдзелу ў страйку альбо адмовы ад удзелу ў ім, могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай (арт. 9.18 КоАП) і крымінальнай (арт. 200 КК) адказнасці”.

belapan.by