„Беларуськалій” цяпер працуе з загрузкай 75-80%



Магутнасці «Беларуськалія» загружаныя на 75-80%, паведаміў 14 студзеня журналістам у Менску генеральны дырэктар прадпрыемства Іван Галаваты.

«Я лічу, што час, калі можна працаваць з ледзь паніжанымі магутнасцямі, – гэта час новых магчымасцяў для прадпрыемства. Менавіта ў гэты перыяд можна рэалізоўваць тыя праекты мадэрнізацыі, якія запланаваныя. Таму што калі прадпрыемства загружанае на 100%, то немагчыма спыніць нейкую лінію, памяняць абсталяванне і ўкараніць нешта новае», – адзначыў Галаваты.

Гендырэктар «Беларуськалія» не назваў канкрэтных тэрмінаў чаканага падпісання доўгатэрміновага кантракта на пастаўкі калію ў Кітай. «Усё залежыць ад сітуацыі на калійным рынку. Я думаю, што ў 2020 годзе кантракт дакладна будзе», – сказаў Галаваты.

Летась, паводле слоў кіраўніка «Беларуськалія», для прадпрыемства захавалася звыклая прапорцыя паставак вырабленай прадукцыі: каля 90% угнаенняў было выраблена і пастаўлена на экспарт, астатні аб’ём быў спажыты на рынку Беларусі.

У 2018 годзе Беларусь прадала калійных угнаенняў на 2,7 млрд долараў, павялічыўшы выручку на 20,1%. За восем месяцаў 2019 года прададзена на 2 млрд даляраў, што вышэй за мінулагодні паказчык на 18,6%.

У тлумачальнай запісцы да праекта бюджэту на 2020 год Мінфін прагназуе экспарт калійных угнаенняў у абʼёме 9,96 млн тон. Гэта павінна папоўніць бюджэт на 1,4 млрд рублёў пры стаўцы экспартнай пошліны 55 еўра за тону.

ААТ «Беларуськалій» – адзін з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. Паводле дадзеных Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на яго долю прыпадае пятая частка сусветнай вытворчасці калійных угнаенняў. Прадукцыя прадпрыемства экспартуецца больш чым у 120 краін. 100% акцый «Беларуськалія» належаць Рэспубліцы Беларусь.

БелаПАН

Фота: БелТА