„Беларуськалій” у 2018 годзе экспартаваў прадукцыі на 2,7 млрд даляраў
ААТ „Беларуськалій” у 2018 годзе экспартавала прадукцыі на 2,7 млрд даляраў. Пра гэта 8 лютага ў Салігорску на форуме дзелавога супрацоўніцтва паведаміў памочнік генеральнага дырэктара прадпрыемства Вадзім Шумак.
Паводле яго слоў, калійных угнаенняў пастаўлена на 2,57 млрд, комплексных угнаенняў — на 95 млн, тэхнічнай, кармавой і харчовай солі — на 48,1 млн, хімічнай прадукцыі — на 11,6 млн. Дадатнае сальда знешняга гандлю склала 2,5 млрд даляраў.
„Прадукцыя пастаўленая ў 101 краіну свету. Найбольш буйныя спажыўцы — Бразілія (17,4% у долі экспарту), Кітай (11,9%), Індыя (10,2%). Таксама пастаўкі ішлі ў Малайзію, ЗША, Польшчу, Нарвегію, Бангладэш, Тайланд і іншыя краіны”, — паведаміў Шумак.
„Мы актыўна дыверсіфікуем вытворчасць для выхаду на новыя рынкі. У 2015 годзе ўведзены ў строй цэх мембраннага электролізу воднага раствору хларыду калію, а будаўніцтва хімічнага камбіната дазволіла атрымаць новыя віды імпартазамяшчальнай прадукцыі”, — адзначыў памочнік гендырэктара.
Ён таксама паведаміў, што марскім транспартам пастаўляецца 95,6% аб’ёму экспарту. „Асноўны порт — гэта Клайпеда (94%). Актыўна развіваюцца кантэйнерныя перавозкі — у 2018 годзе марскімі кантэйнерамі дастаўлена 1 млн 165 тыс. тон угнаенняў. Чыгуначным транспартам пастаўляецца 4,4% ад адгрузак на экспарт. У асноўным у Расею, Украіну, у парты. „Беларуськалій” валодае ўласным паркам вагонаў — 3.200″, — распавёў Шумак.
Ён таксама паведаміў пра адзін з найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў — будаўніцтва Петрыкаўскага горна-абагачальнага камбіната. Яго праектная магутнасць — 1,5 млн т мінеральных угнаенняў за год з павелічэннем да 3 млн. Выхад на праектную магутнасць запланаваны на снежань 2021 года. Капітальныя выдаткі ўжо склалі больш за 400 млн долараў, у тым ліку амаль 200 млн — у 2018 годзе. Агульны аб’ём інвестыцый у праект ацэньваецца ў 1,5 млрд даляраў.
Шумак паведаміў, што ў ліпені 2018 года сумесна з кітайскай кампаніяй „Мігаа карпарэйшн” распачалося будаўніцтва завода па вытворчасці нітрату калію на пляцоўцы 4-га рудаўпраўлення. Праект прадугледжвае будаўніцтва дзвюх тэхналагічных ліній магутнасцю 130 тыс. тон за год крышталічнага нітрату калію з утрыманнем 46% дзейнага рэчыва і 160 тыс. тон з утрыманнем 44,5%.
belapan.by