Беларускаму рублю споўнілася 25 гадоў



Сёння споўнілася 25 гадоў з дня прыняцця Вярхоўным саветам пастановы, згодна з якой беларускі рубель быў прызнаны адзіным плацежным сродкам на тэрыторыі краіны.

Пасля распаду Савецкага Саюза і набыцця Беларуссю незалежнасці на тэрыторыі краіны ў 1992—1994 гадах знаходзіліся ў абарачэнні разліковыя білеты Нацыянальнага банка, савецкія грошы, а пазней — банкноты Банка Расеі. Тады абмяркоўвалася стварэнне адзінай рублёвай прасторы Беларусі і Расеі, аднак беларускія ўлады ў выніку гэтую прапанову не падтрымалі, бо ўбачылі ў ёй пагрозу суверэнітэту.

„19 кастрычніка 1994 года была прынятая пастанова Вярхоўнага савета, згодна з якой грашовыя знакі Нацыянальнага банка Беларусі прызнаваліся адзіным плацежным сродкам на тэрыторыі краіны”, — нагадала журналістам кіраўнік Музея грошай Нацыянальнага банка Аляксандра Вараб’ёва, адказваючы на пытанні БелаПАН.

За 25 гадоў, адзначыла яна, нацыянальнай валюце давялося перажыць шэраг выпрабаванняў. „Вядома, за гэты перыяд беларускі рубель, які з’яўляецца асновай нацыянальнай грашовай сістэмы, прайшоў вельмі складаны шлях станаўлення, пераадолеўшы перыяд гіперінфляцыі, шэраг інфляцыйных усплёскаў, дэнамінацыю. Але сёння можна сказаць, што беларускі рубель — атрыбут нашай дзяржаўнасці і незалежнасці”, — падкрэсліла Вараб’ёва.

У дзень 25-годдзя нацыянальнай валюты пачаў працаваць абноўлены Музей грошай Нацыянальнага банка ў Менску. „Апошнія некалькі гадоў музей знаходзіўся на рэканструкцыі. 19 кастрычніка старшыня праўлення Нацыянальнага банка сустрэнецца ў музеі з пяцікласнікамі з Пінска, якія ўдзельнічалі ў конкурсе і прыдумалі найлепшае відэавіншаванне да юбілею нацыянальнай валюты”, — паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі цэнтральнага банка.

У абноўленай экспазіцыі музея ўпершыню дэманструюцца эскізы грашовых знакаў, якія не былі ўведзеныя ў абарачэнне ў 1990-х гадах. Грыф сакрэтнасці з іх быў зняты нядаўна.

„Стварэнне грошай любіць цішыню, і, як правіла, усе напрацоўкі грошай, якія ствараюцца, засакрэчваюцца на пэўны час. Гэтыя напрацоўкі не былі выпушчаныя ў абарачэнне ў 1990-х, таму былі засакрэчаныя”, — растлумачыла Вараб’ёва.

На эскізах банкнот, якія не былі ўведзеныя ў абарачэнне і цяпер паказаныя ў Музеі грошай Нацбанка, намаляваны герб „Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг.

„Гэта праекты наяўных грашовых знакаў, якія распрацоўваліся як нацыянальная валюта ў 1992 годзе. Банкнотны шэраг, зацверджаны тады трыма першымі асобамі ў краіне — Станіславам Шушкевічам, Вячаславам Кебічам і Станіславам Багданкевічам, змяшчае дзяржаўную сімволіку, што была змененая ў 1995 годзе. Таму гэты банкнотны шэраг выпушчаны ў абарачэнне не быў”, — сказала Вараб’ёва.

У Музеі грошай таксама дэманструюцца эскізы банкнот з партрэтамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францыска Скарыны, Марка Шагала, якія планавалася ўвесці ў абарачэнне ў 1999 годзе, і эскіз 100-тысячнай банкноты з партрэтам Янкі Купалы, што планавалася да ўвядзення ў абарачэнне ў 2000 годзе. „Гэтыя пробныя эскізы прапаноўвалі мастакі Нацыянальнага банка, але іх ідэі не ўдалося рэалізаваць. Была працягнутая архітэктурная лінія пры друкаванні банкнот”, — адзначыла Вараб’ёва.

Разам з эскізамі банкнот, якія не былі ўведзеныя ў абарачэнне, у ліку экспанатаў абноўленага музея — банкноты і манеты, што знаходзіліся ў абарачэнні на тэрыторыі суверэннай Беларусі, а таксама ў папярэднія стагоддзі, калі краіна была часткай Савецкага Саюза і Расейскай імперыі.

Музей грошай Нацыянальнага банка будзе адкрыты для групавых наведванняў.

belapan.by